Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Фядута выйшаў з турэмнага шпіталя і бярэцца за кінасцэнар; Есьмановіч цалкам адбыў за «справу Зельцара»

абноўлена

Аляксандар Фядута, прэзэнтацыя кнігі «Сьляды на сьнезе», Менск, 30 траўня 2018 году
Аляксандар Фядута, прэзэнтацыя кнігі «Сьляды на сьнезе», Менск, 30 траўня 2018 году

На гэты момант беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі каля 1500 чалавек.

Аляксандар Фядута выйшаў з турэмнага шпіталя

«Днямі муж мне і патэлефанаваў, і ліст ад яго прыйшоў у мінулую пятніцу, — расказала «Народнай Волі» Марына Шыбко, жонка Аляксандра Фядуты. — Праз тэлефон пагаварылі ўсяго тры хвіліны, таму нічога важнага не абмяркоўвалі. Шчыра кажучы, я нават асабліва і не спадзявалася на гэты тэлефонны званок, усё было абсалютна нечакана.

Аляксандар паведаміў, што ўжо выйшаў з турэмнага шпіталя. Падлячылі яго там, крыху здароўе аднавілі.

Таксама прыйшоў і ліст. Саша напісаў, што зьбіраецца пісаць кінасцэнар, а для працы над ім будзе замаўляць пэўныя кнігі. Галоўнае, каб здароўе не падводзіла», — цытуе жонку палітвязьня сайт БАЖ.

  • Літаратуразнаўцу Аляксандра Фядуту летась засудзілі ў справе «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» на 10 гадоў і паслалі адбываць пакараньне ў Магілёўскую калёнію. Там ён амаль адразу трапіў у турэмны шпіталь: абвастрыліся праблемы з сэрцам, зьявіліся ацёкі.

Выйшаў на волю палітвязень Сяргей Есьмановіч

Ён цалкам адбыў тэрмін у 2 гады калёніі агульнага рэжыму за камэнтар у «справе Зельцара».

Сяргея Есьмановіча затрымалі 30 верасьня 2021 году ў Гомлі. Ад таго часу ён утрымліваўся ў гомельскім СІЗА. 6 кастрычніка 2021 году праваабаронцы прызналі яго палітычным зьняволеным.

22 лістапада 2022 году суд прысудзіў Есьмановічу 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму паводле часткі 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці альбо варажнечы», — нагадвае @viasnaHomel.

  • У лістападзе 2021 году сілавікі пачалі затрымліваць і заводзіць крымінальныя справы на карыстальнікаў сацсетак за «абразьлівыя камэнтары» на адрас супрацоўніка КДБ, якога Андрэй Зельцар застрэліў пры спробе сілавікоў уварвацца ў ягоную кватэру. У гэтай справе затрымана агулам больш як 200 чалавек, пакараньне адбываюць ужо больш як 60.

Дзьмітрыя Абрамука адправілі ў ПКТ

Фігуранта берасьцейскай «Карагоднай справы» ў красавіку этапавалі ў папраўчую калёнію № 1. Неўзабаве адміністрацыя калёніі перавяла яго ў ПКТ да канца тэрміну. Пра гэта паведаміў «Вясьне» былы вязень:

«Абрамук пасьля „хіміі“ ў атрадзе № 7 прабыў 2–3 дні, потым яго перавялі ў атрад № 2. Там яму супрацоўнікі паабяцалі, што зачыняць у памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ) да канца тэрміну. Так, у прынцыпе, і адбылося за чатыры месяцы. Дзесьці за 15 дзён да яго выхаду за выдуманыя парушэньні (спрачаўся з супрацоўнікам адміністрацыі, не павітаўся і г.д.) яго адправілі ў ПКТ».

17 лютага за парушэньні рэжыму ПУАТ палітвязьню замянілі 3 гады «хіміі» на 1 год, 1 месяц і 16 дзён калёніі. Пасьля гэтага ў віцебскім СІЗА-2 за парушэньні яго зьмясьцілі ў ШЫЗА на 70 сутак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG