11 траўня пачынаецца разгляд крымінальнай справы журналіста-фрылянсэра і краязнаўцы Яўгена Меркіса, паведамляе БАЖ. Яго абвінавачваюць у «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзеле ў ім» (ч. 3 арт. 361-1 КК), а таксама ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК).
Справу ў закрытым рэжыме разглядае судзьдзя Аляксей Хлышчанкоў. Паседжанне праходзіць у закрытым рэжыме.
На суд Яўгена прывезлі з гомельскага СІЗА-3 у кайданках. За кратамі ён знаходзіцца ўжо 240 дзён.
Яўгена Меркіса затрымалі 13 верасьня 2022 году ў Гомлі. Па месцы жыхарства правялі ператрус, у ходзе якога канфіскавалі электронныя носьбіты інфармацыі. Да суду Меркіса адправілі ў СІЗА № 3.
Яўген Меркіс асьвятляў акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, вёў стрымы зь мітынгаў так званых «дармаедаў». Яго неаднаразова затрымлівала міліцыя, суды штрафавалі і адпраўлялі яго на «суткі». Агулам за журналісцкую дзейнасьць Меркісу прысудзілі 50 дзён арышту і больш за 200 базавых велічынь штрафаў.
Пасьля прызнаньня шэрагу незалежных СМІ «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» Яўген займаўся краязнаўчай і гістарычнай дзейнасьцю.
Праваабаронцам вядома, што Яўгена ў СІЗА-3 зьмяшчалі на чатыры дні ў карцар за тое, што ён нібыта не пагаліўся.