Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: ад анархіста Дубоўскага таксама няма лістоў, фігурантаў «справы прафсаюзаў» перавялі ў калёніі


Папраўчая калёнія № 3 ў Віцебску.
Папраўчая калёнія № 3 ў Віцебску.

У Беларусі 1493 палітвязьні, паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна». Іншыя праваабарончыя ініцыятывы заяўляюць, што палітычных зьняволеных значна больш.

Два месяцы няма вестак ад палітзьняволенага анархіста Дзьмітрыя Дубоўскага, піша «Вясна».

Суд Заводзкага раёна Менска летась пакараў Дзьмітрыя Дудоўскага на 5 гадоў калёніі. Так як раней Дубоўскага ўжо асудзілі да 18 гадоў калёніі, шляхам частковага складаньня пакараньняў канчаткова яго асудзілі да 20 гадоў калёніі.

Дзмітрыя абвінавачвалі паводле падзей у Менску і Салігорску ў 2009 і 2010 гадах. 25 лютага палітвязень пачаў адбываць тэрмін у папраўчай калёніі № 3 ў Віцебску.

Родныя палітвязьня пішуць у сацсетках, што два месяцы не атрымліваюць лістоў ад яго:

«Многія пытаюцца, як Дзіма. Я не ведаю. Сёньня роўна два месяцы, як няма лістоў ад яго. Вясну ён відавочна не сустрэў. Гэта не 10 сутак і нават не 30. Два месяцы, калі не ведаеш нічога».

Доўгі час няма вестак ад Міколы Статкевіча (тры месяцы), Максіма Знака, Сяргея Ціханоўскага, Аляксандра Францкевіча, невядома, што з Віктарам Бабарыкам, якога раней шпіталізавалі пасьля ШЫЗА ў Наваполацкую гарадзкую лякарню.

Фігурантаў «справы прафсаюзаў» перавялі ў калёніі

Праваабаронцы даведаліся, што асуджаныя па «справе прафсаюза РЭП» палітзьняволеныя Васіль Берасьнеў, Генадзь Фядыніч і Вацлаў Арэшка ўжо пераведзеныя для адбыцьця прызначанага ім пакараньня ў калёніі: Фядыніча перавялі ў бабруйскую калёнію № 2, Берасьнева — у магілёўскую калёнію № 15, а Арэшку — у шклоўскую калёнію № 17.

Прысуд траім палітзьняволеным вынесьлі 5 студзеня. Фядынічу і Берасьневу прызначылі 9 гадоў калёніі, а Арэшку — 8 гадоў калёніі.

Вярхоўны суд па выніку разгляду апэляцыйных скаргаў палітвязьняў пакінуў прысуд бязь зьменаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG