Кампанія зь беларускім капіталам «АвтоМАЗ-Україна», якая зьяўлялася дылерам Менскага аўтамабільнага заводу і карпаратыўныя правы якой ва Ўкраіне арыштавалі ў 2022 годзе пасьля расейскага ваеннага ўварваньня, зьмяніла свайго канцавога бэнэфіцыяра і працягвае працаваць на ўкраінскім рынку, пераважна зь дзяржаўнымі кампаніямі.
Што вядома пра кампанію
«АвтоМАЗ-Україна» была даччынай кампаніяй менскай фірмы ТАА «ГЕС», якая належала грамадзяніну Расеі Васілю Сьмятаніну. Яна была створана 18 красавіка 2003 году. Займалася продажам аўтамабільнай пасажырскай і спэцыяльнай тэхнікі, а таксама яе тэхнічным абслугоўваньнем і рамонтам.
У траўні 2022 году актывы і маёмасьць кампаніі арыштавалі і пачалі расьсьледаваньне паводле арт.110-2, 191 КК Украіны — фінансаваньне дзеяньняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай зьмены або зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу або захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны, а таксама прысваеньне маёмасьці.
У ліпені 2022 году юрысты кампаніі дабіліся ў судзе скасаваньня арышту на свае рахункі ў двух украінскіх банках — «Альфа-Банк» і «Приватбанк».
Хто стаў новым бэнэфіцыярам
У верасьні таго ж году новым канцавым бэнэфіцыярам гэтай кампаніі стаў грамадзянін Грузіі Нікалоз Гегучадзэ.
У адкрытых крыніцах такое прозьвішча сустракаецца ў розных інфармацыйных паведамленьнях: Нікалоз Гегучадзэ ў 2004-м узначальваў Службу фінансавага маніторынгу Грузіі, а з 2008 году працуе генэральным дырэктарам АТ «Halyk Bank Georgia».
Такое самае імя гучала ў траўні 2022 году ў кантэксьце разбудовы турыстычнай інфраструктуры ў Аджарыі кампаніяй DREAMLAND OASIS.
Свабода не змагла высьветліць, які з гэтых двух грамадзян «перакупіў» беларускую фірму. Але дакладна вядома, што цяперашні ўласьнік кампаніі «АвтоМАЗ-Україна» або ягоная грузінская кампанія зарэгістраваныя ў Тбілісі па вуліцы Шалвы Цынцадзэ, дом 39.
Вартасьць выйграных тэндэраў — мільёны грыўняў зь дзяржаўнага бюджэту Ўкраіны
Але нават да зьмены ўласьніка і пры арыштаваных актывах кампанія працягвала ўдзельнічаць у тэндэрах на пастаўку прадукцыі і паслуг дзяржаўным прадпрыемствам Украіны.
Напрыклад, у 2022 годзе 9 сакавіка кампанія перамагла ў конкурсе на пастаўку запчастак для тралейбусаў камунальнаму прадпрыемству «Полтаваелектроавтотранс» Палтаўскай гарадзкой рады (вартасьць — 5 491 грыўняў), 15 сакавіка — на пастаўку грузавых аўтамабіляў для фармаваньня Цэнтру тэрытарыяльнай абароны горада Дніпро (вартасьць — 2 911 370 грыўняў), 23 сакавіка — на рамонт і тэхнічнае абслугоўваньне аўтамабіляў МАЗ акцыянэрнага таварыства «Укрпошта» (вартасьць — 4 675 600 грыўняў), 27 красавіка — на рамонт і тэхнічнае абслугоўваньне аўтамабіляў МАЗ Дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўленьня рамонту і ўтрыманьня аўтамабільных дарог Кіева (вартасьць 271 200 грыўняў).
Цяпер афіцыйны кошт аднаго даляра складае 36,56 грыўні.
Згодна зь фінансавай справаздачай за 2022 год, кампанія «АвтоМАЗ-Україна» атрымала даход 174 589 000 грыўняў (4,8 мільёнаў даляраў у эквіваленце), але па выніках году спрацавала са стратамі ў памеры 47 872 000 грыўняў (1,3 мільёна даляраў).
Суд абавязаў кампанію «Укргазвидобування» разьлічыцца з дылерам МАЗа за тэхніку
Сёлета ў красавіку Гаспадарчы суд Кіева абавязаў яшчэ адно дзяржаўнае ўкраінскае прадпрыемства — акцыянэрнае таварыства «Укргазвидобування» — аплаціць кампаніі «АвтоМАЗ-Україна» запазычанасьць у памеры 542 482 грыўняў за пастаўленую тэхніку за месяц да пачатку вайны.
Менавіта дзякуючы гэтаму судоваму працэсу стала вядома аб зьмене бэнэфіцыяра кампаніі зь беларускім капіталам і яе новым уласьніку.
Суд прызнаў, што цяпер кампанія «АвтоМАЗ-Україна» не падпадае пад абмежаваньні, уведзеныя Нацыянальным банкам і Радай нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны супраць прадпрыемстваў, заснавальнікамі або ўласьнікамі якіх зьяўляюцца юрыдычныя ці фізычныя асобы Расеі і Беларусі, бо цяпер яе ўласьнікам зьяўляецца грамадзянін Грузіі Нікалоз Гегучадзэ.