У Музэі вольнай Беларусі рэжысэрка Яна Аляксеенка і акторы ініцыятывы «ДзеЯ другая», якія пакінулі краіну ад рэпрэсій, правялі экспэрымэнт: прачыталі і сыгралі твор «Новы час», які бачылі ўпершыню.
У Беларусі Аляксеенка працавала рэжысэркай розных дзіцячых і дарослых праектаў, музычна-тэатральных імпрэзаў. Таксама была выкладчыцай у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтва, але вымушаная была зьехаць і ўжо як 10 месяцаў жыве зь сям’ёй у Варшаве. Тут рэжысэрка разам зь беларускімі акторамі стварыла тэатральную ініцыятыву «ДзеЯ другая».
«Пачалося ўсё з „хачу“. Да мяне прыходзілі акторы ў Варшаве і казалі: „Слухай, ну ты рэжысэрка, ну давай што-небудзь рабіць, мы стаміліся ўжо хадзіць па працах“. У актораў вельмі часта няма нейкай спэцыяльнасьці дадатковай, каб яны неяк яшчэ маглі працаваць, таму вельмі шмат хто пачынаў з прыбіраньня, догляду дзяцей чужых, у крамах працавалі і валасы нарошчвалі... Гэта цяжкі момант», — апавядае Яна Аляксеенка.
«Я пайду папрыбіраю дзьве гадзіны — і ў нас будуць грошы, каб купіць кардон»
Ідэя зрабіць чытку зьявілася ў акторкі Вольгі Каралёнак, кажа Максіменка. Вырашылі рабіць менавіта чытку, бо праводзіць шматмесячныя рэпэтыцыі для пастаноўкі паўнавартаснага спэктаклю не было магчымасьці, прызнаецца Яна.
«Для нас было важна, каб была менавіта сучасная беларуская драматургія. Мы шукалі драматурга, які б пагадзіўся сваю п’есу прадставіць у замежжы, бо ёсьць рызыка, што калі цябе будуць чытаць у Варшаве, то палічаць экстрэмістам».
Драматург, які стварыў п’есу «Новы час», цяпер у Беларусі, таму яго імя не называецца.
Праца над будучай чыткай расьцягнулася на пару месяцаў. Таксама каманда спадзявалася, што іх праект падтрымае Беларуская рада культуры, але ім адмовілі. Таму акторам і рэжысэрцы давялося амаль усё рабіць сваімі намаганьнямі і за ўласныя сродкі, кажа Яна.
«Нешта мы за свае сродкі набывалі, нешта з музэю бралі. Супрацоўніца Алёна кажа: „А навошта вы гэтыя касьцюмы шукаеце, ёсьць склад з адзеньнем для дапамогі беларусам“. Нас вельмі падтрымала Strefa Wolnego Slowa — польская арганізацыя, якая працуе зь мігранцкімі артыстамі».
Вельмі шмат людзей дапамагала бясплатна, бо былі зацікаўленыя ў праекце, кажа рэжысэрка.
«Безумоўна, шмат уласнага часу на гэта пайшло, Волечка Каралёнак таксама казала: „Ну я пайду папрыбіраю дзьве гадзіны — і ў нас будуць грошы, каб купіць кардон“. Шмат чаго рукамі рабілася».
«Акторы ня ведаюць правілаў гульні дасканала: гэтаксама, як і беларускае грамадзтва»
У фармаце «сьляпой чыткі» акторы не чытаюць тэкст перад выхадам на сцэну, але былі невялікія выключэньні. Акторы ведалі толькі, што п’еса будзе пра Беларусь.
«Нам падумалася, што ёсьць патрэба паглядзець нашай траўме ў вочы і сказаць: „Вось быў 1998 год, вось быў 2020 год, а вось сёньня 2023-і. І сёньня новы час“. Для мяне была вельмі важная паралель, што акторы ня ведаюць правілы гульні дасканала, гэтаксама як і беларускае грамадзтва часам не разумее, па якіх правілах яно існуе, што чакае людзей заўтра, ці правільна яны зрабілі, ці „атрымаюць“ яны па галаве за нешта або іх пахваляць».
Некаторыя акторы пасьля такой інфармацыі адмаўляліся ўдзельнічаць у чытцы, бо зьбіраліся яшчэ ехаць у Беларусь, кажа рэжысэрка. Таксама былі вельмі жорсткія спрэчкі наконт таго, каб акторы маглі ўсё ж такі пачытаць тэкст.
«Мы прыйшлі да кампрамісу: прапанавалі людзям, у якіх ёсьць праблемы кшталту дысьлексіі, прачытаць п’есу, але мы не сказалі, якую ролю будзе чалавек выконваць у гэтым спэктаклі. На самой чытцы яны атрымалі іншыя экзэмпляры тэксту з прапісанымі задачамі, пажаданьнямі на імправізацыю, зь некаторымі нататкамі».
Яна прызнаецца, што эмацыйна працаваць над п’есай ёй было нескладана, бо яна даволі жорстка ставілася менавіта да структуры твора, каб не паглыбляцца ў пачуцьці.
«У нашым выпадку драматург галоўную гераіню кладзе ў шпіталь для псыхічна хворых, кажучы, што гэта фактычная параза. Гэта значыць, калі гераіня, зрабіўшы ўсе дзеяньні, не дамаглася мэты, то яна знаходзіцца ў стане паразы, і гэтую паразу яна вымушаная прыняць, і ўсе героі павінны сказаць: „Гэта ня тое, што мы хацелі“. Вось да гэтага выніку мне хацелася прыйсьці, каб усе спакойна, цьвяроза сказалі: „На гэтым этапе ўсё менавіта так“».
Рэжысэрка дадае, што для яе адкрылася шмат нечаканых момантаў падчас чыткі ў музэі.
«Былі адназначна нэгатыўныя героі п’есы. А акторы ад таго, што яны ня ведалі, што гэта за роля, і не маглі яе эмацыйна расфарбаваць загадзя, безумоўна, сваю ролю неяк ачалавечвалі. І гэта файная магчымасьць убачыць сутнасьць людзей, якіх хтосьці ненавідзіць, не прабачае, не разумее. Бо нам зь імі жыць».
«Мая гераіня — настаўніца, яна трымае твар, бо на кім яшчэ трымаецца гэтая краіна?»
Акторка Дар’я Вашкевіч упершыню ўдзельнічала ў такім фармаце чыткі і кажа, што ёй вельмі спадабалася.
«Вельмі шмат было імправізацыі. Усё невядомае, і гэта мне вельмі падабаецца. Такі фармат асабіста ў мяне вельмі трапляе. Мне нічога не было вядома да чыткі. Мы да гэтага адзін раз сустрэліся, каб зрабіць тызер, відэа, а за дзень да чыткі — каб проста пазнаёміцца акторамі, пабачыць, хто ўвогуле будзе. Тэксту ў мяне не было, гэта быў поўны сюрпрыз».
Акторка дадае, што ў гэтай невядомасьці і была адзіная складанасьць.
«Было напружаньне, каб быць у кантэксьце, не губляць тэкст, сачыць за тым, што адбываецца. Так што эмацыйна для мяне было нармалёва, бо тэхнічны працэс шмат забіраў увагі».
Таксама Дар’я кажа, што ў жыцьці сустракала жанчын, падобных на яе гераіню ў п’есе.
«Мая гераіня — настаўніца; яна „трымае твар“, бо на кім яшчэ трымаецца гэтая краіна? Яна, безумоўна, абазнаная ў гісторыі, але ўсё робіць „як трэба“. У маім жыцьці былі такія цётачкі, але, на шчасьце, траплялася больш іншых людзей, такіх як Вера».
«Гэта тэрапія для мяне і кожнага гледача»
Галоўную гераіню Веру грала Вольга Каралёнак — акторка, перакладчыца, сябра тэатральнай ініцыятывы «ДзеЯ другая».
«Трэба яшчэ ўсё адрэфлексаваць, вельмі шмат эмоцый. Але ўжо падыходзілі людзі, давалі вельмі прыемны фідбэк. Штосьці атрымалася лепш, чым мы думалі, а нешта горш, але мы сьвядома ішлі на экспэрымэнт, таму я задаволеная», — дзеліцца ўражаньнямі Вольга Каралёнак.
Акторка прызнаецца, што ёй вельмі спадабалася граць Веру.
«Гэтая роля файная ў тым, што гэта тэрапія для мяне і кожнага гледача. Калі недзе ў жыцьці мы ня можам выказацца насуперак, сказаць у твар сыстэме, што яна лайно, то я магу ў гэтай ролі. І я спадзяюся, што празь мяне гледачы ў залі, у якіх не было магчымасьці ці сьмеласьці не хапіла ў свой час такое сказаць, таксама гэтую тэрапію атрымалі. Гэта вялікі здабытак маёй ролі».
Вольга кажа, што для яе выступіць зноў на сцэне было вялікай асалодай.
«Я звольнілася з тэатру на хвалі пратэстаў у 2020 годзе, і з таго часу займаюся ня гэтай дзейнасьцю. Таму ёсьць шчасьлівае адчуваньне вяртаньня да сваёй прафэсіі. Папраўдзе, нашмат складаней было арганізоўваць чытку цягам некалькіх месяцаў, бо ў тэатры ты займаесься толькі акторскай справай, а тут ты мусіш яшчэ быць „усім“».
Цяпер у рэжысэркі ёсьць думкі перакласьці п’есу на польскую, ангельскую мовы і чытаць яе ў розных краінах з новымі групамі актораў. Таксама каманда ініцыятывы «ДзеЯ другая» далей плянуе выкарыстоўваць фармат «сьляпой чыткі».
«Таксама мы думалі пра розныя фарматы для ўзроставых груп: чытанкі для дзяцей, коміксы для моладзі, для старэйшага пакаленьня. Таксама хочам паспрабаваць ня толькі драматургічныя фарматы, але можа і вершаваныя, дакумэнталістыку, з нататкамі жывых людзей».