Партал «Зеркало» высьветліў, што выбіраюць чыноўнікі на месцах і колькі бюджэтных грошай выдаткоўваюць на новы транспарт.
У траўні купіў новы аўтамабіль Пастаўскі выканкам — крыху больш як за 50 тысяч рублёў. Больш дарагі аўтамабіль выбраў Горадзенскі абласны выканаўчы камітэт, на пачатку траўня разьмясьцілі заяўку на куплю машыны за 80 тысяч рублёў. У абодвух выпадках сярод умоваў было адзначана, што транспарт павінен быць зроблены ў 2023 годзе.
У лютым «Магілёўаблаўтатранс» закупіў 34 легкавыя аўтамабілі агулам на 1,5 млн рублёў, кошт кожнай машыны — 45 200 рублёў. У асноўным яны прызначаліся для вясковых выканкамаў. Паставіць усе аўтамабілі «Магілёўмотарс» — афіцыйны дылер Geely ў Магілёве. Мяркуючы па кошце, хутчэй за ўсё, гэта аўтамабілі мадэлі Emgrand, бо астатнія мадэлі ў гэтага пастаўшчыка значна даражэйшыя.
Заяўку на аўтамабіль Geely Emgrand (SS-11) (ці аналяг) разьмясьціў на сайце дзяржзакупак у канцы красавіка Дубровенскі райвыканкам. Аўтамабіль купілі за 49 200 рублёў.
Аддзел адукацыі Мёрскага райвыканкаму падаў заяўку на Geely Emgrand альбо аналяг за 52 тысячы рублёў. Гэты запатрабаваны сярод чыноўнікаў аўтамабіль каштуе на рынку ад 49 да 56 тысяч рублёў у залежнасьці ад камплектацыі.
Купляюць гэты аўтамабіль ня толькі выканкамы. Кампанія «ДжыМотарс» паставіла яго ж Лепельскаму і Сеньненскаму раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялёгіі, але крыху таньней — за 49 200 рублёў.
- У сакавіку Аляксандар Лукашэнка заклікаў эканоміць бюджэтныя сродкі. Тады ж ён абурыўся тым, што «начальнікі патрабуюць аўтамабілі з падпарадкаваных прадпрыемстваў дзяржаўнай і прыватнай формы ўласнасьці, каб вырашаць нейкія асабістыя пытаньні».