Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пробліскі гуманнасьці ў сутоньні зла. Чаму палітвязьні гавораць пра «добрых сьледчых» і ці ёсьць такія насамрэч


Менскае СІЗА нумар 1, архіўнае фота
Менскае СІЗА нумар 1, архіўнае фота

Звычайны чалавек, вырваны з нармальнага чалавечага жыцьця і пастаўлены ў цалкам нялюдзкія ўмовы, нібы тапелец за саломінку, хапаецца за прывідную «нармальнасьць» сваіх катаў. І тоне. Так у Беларусі за тры гады рэжым Лукашэнкі страчваў апошнія рысы свайго чалавечага аблічча.

Загаварылі мы зь сябрам пра трылёгію «Галасы Свабоды» (2020, 2021, 2022), якую я зьбіраў цягам трох гадоў і якая выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды».

Калі ў двух словах, гэта сьведчаньні беларусаў пра рэпрэсіі, што пачаліся ў 2020 годзе. І раптам сябра спытаў: а ці ўспаміналі людзі пра добрых сьледчых і ахоўнікаў?

Дзіўнае пытаньне.

У гэтым моры з соцень і соцень расповедаў мірных і ні ў чым не вінаватых людзей пра тое, як іх забівалі, катавалі, тапталіся па іх чалавечай годнасьці, у гэтым бураломе зламаных рук і ног, выбітых вачэй і зубоў, бясконцых гематом, у гэтым парушэньні ўсіх магчымых законаў, пачынаючы ад Асноўнага і канчаючы «дваровым», дзе «ляжачага ня б’юць», я мусіў разгледзець факты чагосьці цалкам адваротнага.

Мусіў. Пры тым, што рабіў даволі жорсткі адбор сьведчаньняў, але разумеючы, наколькі важна было ахвяры не забыць пра чалавека сярод катаў, натуральна, не прамінуў ніводнага такога выпадку. Нават калі выпадак выглядаў зусім ілюзорным або надуманым у стане афэкту.

Пытаньне сябра прымусіла мяне зноў перагледзець «Галасы Свабоды» і нават падумаць пра магчымасьць такой кнігі наадварот — дзе б беларусы згадвалі добрых амонаўцаў і губазікаўцаў, верных закону пракурораў, праўдзівых сьведак, справядлівых судзьдзяў і добрых турэмнікаў.

Але такая кніга была б немагчымай. Бо задача расказаць праўду ў такім ракурсе адразу ператвараецца ў адваротную — задачу прапагандыста БТ. Па-першае, такіх сьведчаньняў зусім мала. Па-другое, мае сьведкі згадваюць чалавечных міліцыянтаў менавіта таму, што імкнуцца гаварыць аб’ектыўную праўду, убачаную прынамсі з двух бакоў, што ў прапагандзе выключана. Па-трэцяе, я бачу адмоўную дынаміку. Калі ў 2020 годзе такіх сьведчаньняў было найболей, дык у 2022-м яны зьніклі ўвогуле. То бок «добрыя сьледчыя», якія ў пачатку падзей маглі неяк праявіць сябе людзьмі, за гэты час зьніклі з сыстэмы наагул. Хто звольніўся і ўцёк за мяжу, а хто і сам стаў ахвярай перасьледу.

Мне зусім не хацелася, як гэта любяць некаторыя, разважаць аб прыродзе зла. Магчыма, таму, што ў нашым выпадку гэта тое, што ня мае прыроды, што створана штучна і прымітыўна, накшталт драўлянай арміі Урфіна Джуса, што ня мае мінулага і будучыні, што не разьвіваецца, а выконвае адносна кароткую функцыю — бараніць захопленую сілай уладу Лукашэнкі да завяршэньня ягонай кар’еры, бо нічога іншага (якія-небудзь ідэі, дзяржаўнага ладу, «скрэпы») бараніць і ня трэба. Без Лукашэнкі ўсё іншае страчвае сэнс.

Што да прыроды дабра, дык яна ва ўсе часы адна — ад выхаваньня ў сям’і, ад добрых кніг і фільмаў, ад агульнага чалавечага мэнтальнага атачэньня.

Словам, я зірнуў на праявы людзкасьці «добрых сьледчых» і паспрабаваў скласьці іх у больш-менш сэнсоўную карціну. Атрымалася даволі вялікая чытанка, але я ня стаў яе скарачаць, бо на больш як тысячу споведзяў гэтыя сьведчаньні — усё, што ёсьць.

Такім чынам, вось гэтыя гісторыі.

«Калі даведаюцца, што я гэта зрабіў, мяне прыб’юць»

Палітычны зьняволены выходзіць з сутак і пачынае займацца вяртаньнем свайго аўтамабіля, якое пры арышце забрала міліцыя.

«На гэтым усё ня скончылася, бо мой аўтамабіль заставаўся на тэрыторыі Маскоўскага РУУС. Паводле „закону“ маю машыну маглі ўтрымліваць да 30 дзён, пакуль ня пройдзе экспэртыза. Але нават там ёсьць людзі і нармальнае чалавечае стаўленьне. Супрацоўнік пастарунку Мікалай заняўся вяртаньнем нашых аўтамабіляў. Ён ініцыяваў правесьці экспэртызу як мага хутчэй. Але, як я зразумеў, ён за сваю ініцыятыўнасьць атрымаў па шапцы ад начальніка: „Навошта сьпяшацца, хіба камусьці гэтыя аўто перашкаджаюць? У ця­бе ёсьць нейкі асабісты інтарэс?“ Усё ж такі праз два з паловаю тыдні з моманту затрыманьня мне і такім самым пацярпелым вярнулі машыну. Але без тэхпашпарта, яго таксама будуць правяраць на сапраўднасьць. Таму да гэтага часу чакаю вяртаньня дакумэнтаў ...»

Здавалася б, дробязь, пагатоў ніхто нікому ў выніку не дапамог. Але мардаванаму ў турме чалавеку было важна не забыць пра Мікалая. І нават заўважыць, што міліцыянт, які ўзяўся дапамагчы, нашмат больш рызыкаваў уласным лёсам, калі іншы западозрыў яго ў асабістым інтарэсе. А гэта ўжо намёк на данос. І дробязь зусім ня дробязь. Цікава было б даведацца, што сталася з тым міліцыянтам з Маскоўскага РУУС і дзе ён цяпер.

Людзі стаяць каля сьцяны ў Савецкім РУУС Менску. 14 ліпеня 2020 году
Людзі стаяць каля сьцяны ў Савецкім РУУС Менску. 14 ліпеня 2020 году

Першае, на што спадзяецца арыштаваны за палітыку, — на чалавека.

«Пры гэтым сярод іх сапраўды ёсьць людзі. Акрамя 20-гадовага лейтэнанта, быў яшчэ міліцыянт, які прыйшоў ужо пасьля перазьменкі. У яго з сабой была гронка бананаў і энэргетык — мабыць, на абед. Ён раздаў усе бананы і напой дзяўчатам. Яшчэ я запомніла амонаўца, які ўжо бліжэй да абеду адвёў мяне ў прыбіральню і зьняў кайданкі. Я памылася і захацела завязаць валасы, але з сабой у мяне быў толькі белы бранзалет, які цудам не намацалі ў кішэні. Калі я яго дастала, амонавец сказаў: „Ня варта. Яны цябе заб’юць, калі завяжаш бранзалетам“».

У гэтым выпадку «цябе заб’юць», у іншым — «мяне прыб’юць». То бок, знаходзяцца «свае людзі» і сярод амонаўцаў, з надзеяй думае ахвяра.

«Нас пагналі на агляд, дзе прымусілі разьдзецца дагала і прысядаць. Потым усіх дзяўчат сабралі ў прагулачнай камэры — зноў на вуліцы, але ўжо бяз тэнтаў. Хтосьці зь міліцыянтаў прынёс абязбольвальныя і бутэльку вады для тых, у каго былі месячныя, са словамі: „Калі даведаюцца, што я гэта зрабіў, мяне прыб’юць“».

«Былі сярод іх адэкватныя. Напрыклад, дзяжурны, які творча падышоў да раздачы перадачаў, у нядзелю перад сваёй перазьменкай звадзіў нас у душ. А потым прыйшоў з праверкай (дзьве зьмены былі разам) і сказаў: „Добрай раніцы яшчэ раз“, чым выклікаў насьмешку ад другой зьмены: „Ах-ах-ах, ну ты і ўляпіў“, і неўразуменьне з майго боку. Што тут сьмешнага?»

Часам распазнаць сярод рэжымнікаў чалавека дапамагае і сам гэты чалавек. Не сказаць, каб ён рабіў подзьвіг ці надта рызыкаваў пасадай. Тым ня менш...

«Яны мне не калегі»

«У турме ў Жодзіне, калі мяне абшуквалі, сяржант знайшоў у кішэні сьцяг. Спытаўся, куды дзяваць гэтую анучку. „Гэта не анучка, а сьцяг, пакладзіце ў асабістыя рэчы, я яго дома сшыю“. Сяржант засьмяяўся: „І зноў да нас прыедзеш“. А лейтэнант, які стаяў побач, сказаў яму: „Закрый рот. Гэта ягонае права“».

Людзі каля турмы ў Жодзіна. 14 жніўня 2020
Людзі каля турмы ў Жодзіна. 14 жніўня 2020

«Быў у нас супрацоўнік такі, і ў ІЧУ, і ў СІЗА, які нам цыгарэты прыносіў. За свае грошы купляў і прыносіў. Быў час, што нам цыгарэты нават забаранялі перадаваць. Расказваў, дзе што адбываецца. Але такіх мала было, адзін-два чалавекі з усіх. Ім таксама забаранялі з намі размаўляць, усюды камэры. Гэты калідорны 15-га сказаў, што звальняецца. І мы больш яго ня бачылі».

«Але вось быў адзін хлопец, яму проста павага. І дапамагаць спрабаваў, і прыкурыць хлопцам даваў, час мог сказаць, навіны некаторыя пераказваў. Усе астатнія люта баяцца заходзіць у камэры, а гэты, калі прыносіў перадачы, сьмела ў камэру заходзіў. Прычым пасьля прыезду гэты хлапчук быў першым зь сілавікоў, каго мы ўбачылі з адкрытым тварам. І адзін з нас пытаецца ў яго: „А чаго гэта ўсе ў балаклавах, а вам што, не паложана?“ — „Хто ўсе?“ — „Ну калегі вашыя“. — „Яны мне не калегі“ — адказаў ён».

«Я паспрабую выпусьціць больш людзей»

Палітзьняволены намагаецца аддзяліць добрых рэжымнікаў ад злых і шукае для гэтага нават самыя прывідныя падставы.

«Адзін з судзьдзяў адмовіўся разглядаць усе тры справы. Узяўся толькі за адну. І ён, як высьветлілася, быў больш ляяльным: наш „падзельнік“ Павал атрымаў толькі 7 дзён арышту. А нам судзьдзя ўлупіла па пятнаццаць».

«Пасьля Заводзкага РУУС сярод ночы вывезьлі ў Жодзіна, дзе ўжо на наступны ранак адбыўся суд. Мне трапілася судзьдзя, якая шэптам сказала: „Хутчэй падпісвайце пратакол, я тады паспрабую сёньня выпусьціць больш людзей“. З нашай партыі выпусьцілі ў той дзень сапраўды ўсіх, але ня ўсе атрымалі штраф, у некаторых справы накіравалі на дапрацоўку».

«Дазволь мне занесьці яго ў туалет»

«Нас, 27 дзяўчат, пагрузілі ў аўтазак і сказалі, што павязуць у іншае месца. З намі сядзелі чатыры міліцыянты з закрытымі тварамі. Яны з жахам слухалі нашы гісторыі. Яны казалі, што папраўдзе гэта яны добрыя і мірныя, а мы дрэнныя і проста забіваем іх. Казалі, што ў іх кідалі „кактэйлі Молатава“, што ў кагосьці знайшлі 50 эўра. Пасьля яны дасталі са сваіх заплечнікаў вафлі і мы на чацьвёртыя суткі зьелі па кавалачку вафлі».

Тут важна дадаць, што гэта было першае, што яны зьелі на чацьвёртыя суткі. 27 дзяўчат. Чацьвёра міліцыянтаў, маладыя хлопцы, якім ужо сказалі нешта, але ў падкорку якіх яшчэ ня ўелася абсалютнае зло. Проста частуюць дзяўчат вафлямі.

«Малады амонавец, які затрымаў мяне, відавочна хацеў мяне адпусьціць. Ён вёў мяне ад буса да буса, а яны былі поўныя, і ён сказаў: „Калі і апошні будзе заняты, вы ціха сыходзьце“. Але ў апошнім бусе былі галянтныя амонаўцы і яны сказалі: „Мы пасунемся“».

Крыху кантэксту. Гэта адбываецца на тле дзікага біцьця ў аўтобусах, дзе людзей складаюць адзін на адно штабялямі, вакол кроў, крыкі і стогны, удары рукамі, нагамі, дубінкамі...

Сілавікі ў Менску. 1 лістапада 2020
Сілавікі ў Менску. 1 лістапада 2020

Заўважце, «добры сьледчы» не парушае рэглямэнту, наадварот, ён дзейнічае ў адпаведнасьці з законным патрабаваньнем гуманнасьці. Але ён парушае той «зарад бадзёрасьці», якім яго пастаянна наэлектрызоўваюць падчас палітінфармацыяў: мачыць, уваліць, не шкадаваць...

«Людзі ў чорным крычалі мацюкамі. Але нада мной стаяў адзін ахоўнік, які сам хоць і выглядаў, як „касманаўт“, казаў: „Господа, держите голову прямо, чтобы не получить“. Ён нікога ня біў, і калі сыходзілі гэтыя зьвяры ў чорным, дазволіў нам трохі расслабіцца, апусьціць рукі, якія моцна дранцьвелі. У туалет нам хадзіць не давалі, казалі мачыццца пад сябе. Многія і хадзілі пад сябе. Так я ляжаў з 9 вечара да 11 раніцы. Мяне пачало трэсьці. Ахоўнік спытаў: „Чаго трасесься?“ — „У мяне остэахандроз. Сьпіна не вытрымлівае“. — „У туалет хочаш?“ — „Хачу“. — „Ну ідзі, толькі павольна“.

Ён павёў мяне па калідоры, і я ўбачыў хлопца. Левая нага ў яго была сіняя, а правая ненатуральна выкручаная, паламаная. Ён таксама хацеў у туалет. Я папрасіў ахоўніка: „Дазволь мне занесьці яго ў туалет“. Я падняў хлопца і пацягнуў яго, ахоўнік нас цярпліва чакаў».

«У новай машыне нас зачынілі, і мы проста сядзелі ўсярэдзіне. Нам трапіўся вельмі добры кіроўца. Ён прынёс нам папіць і ня выдаў, калі ў аднаго з затрыманых зазваніў тэлефон і на званку зайграла „Перамен“. Мы аж у падлогу ўціснуліся — думалі, ну ўсё, зараз нас заб’юць. Не, ніхто не прыбег».

«Біць ня будзем»

«У аўтазаку з намі абыходзіліся добра. Мы спыталі: „Што з намі будуць рабіць? Нас зноў будуць біць?“. Сказалі, што ніхто нас не кране. Спыталі, хто кім працуе, хто дзе служыў. Калі выходзілі, гэтыя хлопцы, што нас везьлі, сказалі: „Трымайцеся, хлопцы. Прабачце“».

«Двое сутак, якія я правяла ў ізалятары, стаўленьне было на такім самым узроўні, і толькі калі выклікалі на допыт, я пачула: „Добры дзень! Я сьледчы з Барысава. Не хвалюйцеся, я вас біць ня буду“».

«Варта заўважыць, што і тут мне пашанцавала. За намі назіраў нехта з адпраўленых на Акрэсьціна супрацоўнікаў міліцыі, праз гадзіны дзьве з паловай ён пачаў дазваляць пачаргова выпростваць ногі, камусьці легчы на бок ці на жывот, папярэджваў, калі падыходзяць амонаўцы, каб селі назад на пяткі».

АМАП і аўтазак у Менску, 2020
АМАП і аўтазак у Менску, 2020

«Жанчына-міліцыянтка была прыязнай, сказала булачку ўзяць з сабой і выбачылася перад тым, як правяла па кішэнях. Дазваляла зрабіць званок усім, у каго былі тэлефоны. Жанчын вадзіла ў „цывільную“ прыбіральню ў будынку. Сказала застацца ў гаражах, каб ня мерзьлі; прапанавала крэсла. Я папрасіла схадзіць па жанчын, што засталіся на вуліцы. Дазволілі».

«Потым надышла ноч і пачалося самае жахлівае: дыхаць стала зусім няма чым. Я разумела, што мы трацім прытомнасьць ад браку кіслароду. Людзі ўжо нават баяліся прасіць аб дапамозе. Але я разумела, што горш ужо ня можа быць, і пачала біць у дзьверы. Прыйшоў дзяжурны, які толькі заступіў на зьмену. Я сказала, каб ён перадаў начальству, што я дам усе дадзеныя і ўсё падпішу. Я яму пачала тлумачыць, што гэта сапраўдная газавая камэра, што мы задыхаемся, што раніцай проста ня ўсе здолеюць прачнуцца, а адказнасьць будзе на ім.

Праз 15 хвілін дзяжурны сапраўды адчыніў камэру і загадаў выйсьці ў калідор да сьцяны. Ад рэзкага паступленьня кіслароду дзяўчына, якая мела інваліднасьць, страціла прытомнасьць і ўпала. Гэта вельмі напалохала дзяжурнага. Ён пагадзіўся праветрыць камэру, пакінуў адчыненую „кармушку“ і мы дамовіліся, што праз гадзіну ён нас выведзе падыхаць яшчэ. Так і адбылося. Перад сканчэньнем сваёй зьмены ён папрасіў прабачэньня і сказаў, што больш ня можа нам нічым дапамагчы».

«Ты разумееш, што там ня ты?»

Нават самыя рутынныя дзеяньні «добрага сьледчага» могуць успрымацца ахвярай, як праява чалавечнасьці.

«Менавіта ад супрацоўніцы жодзінскай турмы, якая праводзіла агляд затрыманых і перапісвала зьвесткі, я даведалася, што справа была складзеная не на мяне, а на зусім на іншага чалавека. Яна мяне паклікала да стала і паказала маю справу. Кажа: „Ты разумееш, што там ня ты?“ І ў гэты момант я нарэшце зразумела, чаму так псыхавала судзьдзя Матыль. Таму што там сапраўды была дэталізацыя на іншага чалавека. Нават пратаколу не было: было проста два лісткі, на адным зь якіх хтосьці асадкай напісаў: „15 сутак“.

Аўтазак у Магілёве, 2020
Аўтазак у Магілёве, 2020

Я спрабавала патлумачыць гэта іншаму супрацоўніку ізалятара, і той зьвярнуўся да свайго начальніка. Але безвынікова. „Пох..., пасадзі да ўсіх астатніх“, — сказаў начальнік. Наступныя два дні я скардзілася дзяжурным на тое, што мяне фактычна выкралі. Нагадвала, што яны робяць крымінальнае злачынства і кожны зь іх цяпер будзе фігурантам гэтай справы. Спачатку мае скаргі ігнаравалі, але 14 жніўня я ўсё ж дагрукалася да чарговага дзяжурнага. Ён схадзіў па справу, пераканаўся, што я сапраўды тут знаходжуся незаконна і, відаць, спалохаўся. Мяне павялі да начальніка, які нарэшце загадаў адпусьціць мяне, а справу парваць».

«Не трымай зла»

Гісторыю, калі рэжымнікі нешта рабілі, парушаючы рэглямэнт і распараджаліся лёсам палітвязьня на свой капыл, расказаў актор Павал Харланчук.

«У мяне там гісторыя была, што адзін супрацоўнік у масцы пазнаў мяне зь фільму „Участак лейтэнанта Качуры“. І ён хацеў неяк аблегчыць маю долю. І дапамог. Калі нас раніцай выводзілі, зноў жа галавою ўніз, чалавек 15 з розных камэр, ён мне сказаў на двары ўжо: „Пасядзі“ ці „Пастой“, я ўжо ня памятаю. А іншым загадалі ісьці „на размову“. Размова гэтая была, як мне пасьля сказаў адзін сукамэрнік, што іх паклалі тварам у падлогу і мясілі. Білі так, што шорты парвалі. І так ён мяне вызваліў ад гэтай размовы. Потым ён адчыніў дзьверы: „Дойдзеш?“ — „Дайду“. Без матузкоў, без дакумэнтаў, без пратаколу, без абвінавачаньня я кудысьці пайшоў... Я толькі потым зразумеў, што я быў на Акрэсьціна. У сьпіну ён сказаў мне: „Не трымай зла“».

Павал Харланчук, архіўнае фота
Павал Харланчук, архіўнае фота

Часам для таго, каб такое з табой здарылася, не абавязкова было быць вядомым артыстам. Усё залежала толькі ад сваволі ці куражу міліцыянта, бо гэта быў не сьвядомы ўчынак, а, напрыклад, жаданьне пазбавіцца ад патэнцыйнага мерцьвяка — да такой ступені была перад тым пабітая ахвяра.

«Недалёка ад мяне ляжаў чалавек, ён быў у лужыне крыві і пэрыядычна стагнаў. Чалавек, які быў бліжэй за ўсіх да яго, прасіў для яго дапамогі, казаў: „Выклічце яму „хуткую“, ён жа памірае“. На што яму сказалі: „Гэта твой білет на свабоду — бяры яго, цягні за тэрыторыю, і вы абодва тады вольныя“. Ён узяў яго і пацягнуў за тэрыторыю, гэтае цела, што стагнала і было без прытомнасьці...»

«Самыя добрыя, сумленныя і клапатлівыя людзі»

Часам сьведкі даюць агульныя ацэначныя характарыстыкі тым ці іншым турмам, куды садзяць палітычных. Вышукваюць пазытыў нават там, дзе ніякай сардэчнасьцю ня пахне, а міліцыянт выконвае тое, што і так мусіць выконваць паводле правілаў, ну хіба крышачку болей. Ці можа падалося?

«Пра Жодзіна я не магу сказаць нічога, акрамя таго, што гэта былі самыя добрыя, сумленныя і клапатлівыя людзі за ўвесь час „прыгод“. Кармілі, прыносілі паперу, пракладкі нават купілі».

«З добрага: там у СІЗА зусім іншыя супрацоўнікі. Яны ня ціснуць маральна. Ёсьць, вядома, шкадлівыя міліцыянты, было нават некалькі неадэкватных (у асноўным жанчыны ці мужчыны з жорсткімі жартачкамі, маўляў, „будзеце на зоне нам вопратку шыць“), але ў асноўным там працуюць усё ж „людзі“, чаго ня скажаш пра супрацоўнікаў з Акрэсьціна».

«Не хачу нікога абяляць, але супрацоўнікі на Валадарскага ставіліся да нас параўнальна нармальна. Калі параўноўваць з тымі, з Акрэсьціна, дык увогуле добра. На Акрэсьціна працуюць поўныя адмарозкі. Яны рэтрансьлююць толькі тое, што чулі ў тэлевізары. Пра загніваньне Захаду, пра „змагароў“. Мая асабістая думка: супрацоўнікі СІЗА жывуць у горадзе, іх многія ведаюць, таму асабліва не вызначаюцца жорсткасьцю. Ва ўсіх ёсьць сваякі, знаёмыя. Але пра супрацоўнікаў на Акрэсьціна можна сказаць толькі тое, што сказаў: гэта проста адмарожаныя людзі».

Журналістка Юлія Слуцкая нават зрабіла падлікі — хто працуе на Валадарцы:

«Сярод пэрсаналу ёсьць добрыя і адказныя. Такіх адсоткаў 10. Ёсьць „сабакі“ — іх таксама 10 адсоткаў. Астатнія 80 адсоткаў — проста людзі».

Музыка і філёзаф Аляксей Крукоўскі да гуманных праяваў ставіцца скептычна:

«Я ня веру ў добрых і злых дзяжурных. Гэта фантазіі вязьняў, якія спрабуюць аддзяліць поры дня і ночы. Ёсьць вонкавыя абставіны. На выходныя начальства адсутнічае — дзяжурныя пачынаюць дурэць. Нейкі старшы іх прыструньвае, і гэта выглядае, як добрая зьмена. Падчас „добрай“ зьмены могуць прынесьці перадачу. Ня ўсе яны прыродныя садысты, але ўсе — сыстэмныя садысты. Калі трэба, яны ўсе могуць бесчалавечна абыходзіцца зь вязьнямі. Людзі на працы».

Аляксей Крукоўскі, архіўнае фота
Аляксей Крукоўскі, архіўнае фота

Завяршае маю падборку гісторыя пра тое, што ўрэшце здараецца з «добрымі сьледчымі»:

«Варта, вядома, адзначыць, што ў некаторыя зьмены трапляліся адэкватныя супрацоўнікі, якія будзілі ня так агрэсіўна ноччу. Маглі пакінуць на дзень кармушку адкрытай. На дзень гораду затрыманым пэнсіянэркам увогуле прынесьлі пару зубных шчотак з асабістых рэчаў. То бок і ў той сыстэме ёсьць больш чалавечныя элемэнты. Часам гэта маладыя хлопцы, учорашнія выпускнікі. І мне вельмі страшна, што і яны хутка перастрояцца і стануць такім ж жорсткімі, гатовымі зьдзекавацца, як іх старэйшыя калегі. Што яны навучацца злу».

Паўтаруся. Ад кнігі да кнігі, ад году да году сьведчаньняў гуманнасьці «добрых сьледчых» становіцца менш. У 2022-м гэты дробны цурок, што прабіваўся ў маналітным бэтоне катаваньняў, канчаткова зьнікае. Хтосьці звольніўся, а хтосьці, выглядае, сапраўды навучыўся злу.

Урэшце, «адміністратыўкі» 2020-га амаль цалкам зьмяніліся «крыміналам» з рэальнымі тэрмінамі, дзе палітвязьні заняліся ўласным выжываньнем, а ня марнымі спадзяваньнямі і пошукам прывіднай чалавечнасьці там, дзе яе няма.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG