Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускім дэмакратычным сілам прапанавалі асобны пакой у Радзе Эўропы


Яўген Вільскі, Натальля Пінчук, Юрась Губарэвіч, Тацяна Хоміч на слуханьнях у Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Страсбург, 26 красавіка 2023
Яўген Вільскі, Натальля Пінчук, Юрась Губарэвіч, Тацяна Хоміч на слуханьнях у Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Страсбург, 26 красавіка 2023

Упершыню за апошні час на сэсію Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы запрасілі прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных партыяў і грамадзянскай супольнасьці

26 красавіка ў Палітычным камітэце Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы прайшлі слуханьні «Заклік да працэсу палітычнай рэформы ў Беларусі». З дакладам выступіў дэпутат з Фінляндыі Кіма Кільюнэн.

Апісаўшы сытуацыю ў краіне, ён заявіў, што з уладамі Беларусі цяпер можна размаўляць толькі на адну тэму – вызваленьне палітвязьняў.

Ён паведаміў, што ў ПАРЭ вырашылі запрашаць на сэсіі па 3 прадстаўнікі дэмакратычных палітычных партыяў Беларусі, а таксама прадстаўнікоў грамадзкіх і акадэмічных колаў, і што надалей трэба ўзмацняць узаемадзеяньне з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

Літоўскі дэпутат Эмануэліс Зінгерыс заявіў, што неабходна ўзмацніць санкцыі супраць «Белкалію», бо гэта асноўная крыніца даходаў Лукашэнкі. Таксама Зінгерыс згадаў саўдзел Лукашэнкі ў пуцінскай вайне Расеі супраць Украіны.

«Калі цяпер паўстала пытаньне міжнароднага суду над Пуціным, то на ім павінен быць і Лукашэнка», – заявіў Зінгерыс.

Ён жа прапанаваў пакой у Палацы Эўропы, раней замацаваны за беларускімі дыпляматамі, аддаць беларускім дэмакратычным сілам. Удзельнікі слуханьняў і кіраўніцтва Палітычнага камітэту сустрэлі прапанову прыхільна.

У слуханьнях узяла ўдзел беларуская дэлегацыя: палітыкі Юрась Губарэвіч, Яўген Вільскі, а таксама жонка палітвязьня Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук і сястра Марыі Калесьнікавай Тацяна Хоміч.

Юрась Губарэвіч, у прыватнасьці, заявіў:

«Лукашэнка ёсьць безумоўным саюзьнікам Пуціна ў разьвязанай Крамлём вайне. Яны мусяць несьці аднолькавую адказнасьць. Санкцыйныя выключэньні для беларускага рэжыму толькі дапамагаюць яму паляпшаць сваё фінансавае самаадчуваньне, зарабляючы на таварных патоках паміж Расеяй і астатнім сьветам.

Выступае Юрась Губарэвіч. Страсбург, 26 красавіка 2023
Выступае Юрась Губарэвіч. Страсбург, 26 красавіка 2023

Разам з тым мусім адзначыць істотную розьніцу паміж настроямі ў беларускім і расейскім грамадзтвах. Беларусам далёкія імпэрскія балячкі Расеі, яны арганічна не прымаюць ідэі ўдзелу ў вайне. Наша грамадзтва ў 2020-м зрабіла адназначны пасыл — непрызнаньне легітымнасьці Лукашэнкі, які сфальсыфікаваў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. Працяг і ўзмацненьне рэпрэсіяў — доказ таму, што нічога ў грамадзкіх настроях не зьмянілася. Беларусы — гэта нацыя, якая выразна дэкляруе памкненьне да свабоды і дэмакратыі».

Падчас слуханьняў па Беларусі ў ПАРЭ. Страсбург, 26 красавіка 2023
Падчас слуханьняў па Беларусі ў ПАРЭ. Страсбург, 26 красавіка 2023

Натальля Пінчук расказала аб працягу палітычных рэпрэсій у Беларусі:

«Расправы над беларусамі працягваюцца. Рахунак на дзясяткі тысяч. Толькі за сакавік 2023 году затрымалі ня менш як 614 чалавек, вынесьлі ня менш за 433 пастановы ў адміністрацыйных справах. Тэрміны ў палітычных крымінальных справах сягаюць 25 гадоў. У ізалятарах, турмах людзей катуюць біцьцём і холадам, не даюць мэдычнай дапамогі, пазбаўляюць сродкаў гігіены і перадач ад сваякоў. Пачалі браць у закладнікі сваякоў палітвязьняў. Людзі пратэстуюць галадоўкамі і спробамі самагубства».

Натальля сказала, што яе муж, Алесь Бяляцкі, як і ўсе вольныя беларусы, рашуча супраць расейскага імпэрыялізму і на баку гераічнай Украіны:

«Так што барацьба за вызваленьне Бяляцкага і іншых палітвязьняў — гэта ўклад у перамогу Ўкраіны. Толькі канец дыктатуры Лукашэнкі дасць Беларусі шанец на волю, а тысячам палітвязьняў — магчымасьць выйсці з турмаў. Прычым лёс Лукашэнкі наўпрост залежыць і ад зыходу вайны, і лёсу ягонага апекуна Пуціна.

Натальля Пінчук заклікала міжнародную супольнасьць дапамагаць ратаваць жыцьцё і здароўе палітвязьняў.

Тацяна Хоміч пра жыцьці і здароўе палітвязьняў сказала наступнае:

«Сваякі на мяжы адчаю, неабходна іх вызваленьне, мы не гатовыя плаціць жыцьцямі палітвязьняў, і ў вас ёсьць розныя спосабы каб іх вызваліць, трэба шукаць рашэньне».

26 красавіка таксама заплянаваныя сустрэча з прэзыдэнтам ПАРЭ Тыні Коксам Натальлі Пінчук і Тацяны Хоміч і круглы стол «Сем'і палітычных зьняволеных: жаночы погляд».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG