Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе задаволіліся тлумачэньнямі Кітаю наконт скандальных выказваньняў пасла ў Парыжы


Пасол Кітаю ў Парыжы Лу Шае
Пасол Кітаю ў Парыжы Лу Шае

Раней пасол Кітаю ў Парыжы Лу Шае у этэры каналу навін La Chaîne Info заявіў аб адсутнасьці ў краін былога СССР суверэнітэту ў міжнародным праве, замацаванага міжнароднымі пагадненнямі. Гэта выклікала абурэньне ў міжнароднай супольнасьці.

«Я думаю, што тлумачэньняў, якія мы атрымалі ад МЗС Кітая, для нас дастаткова», — сказаў Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль пра дыпляматычныя наступствы выказваньняў амбасадара Лу Шае.

«Таксама было важна, і я хачу адзначыць гэта, што Пэкін дыстанцыяваўся ад непрымальных заўваг свайго амбасадара ў Парыжы. Учора я апублікаваў твіт, каб сказаць, што я спадзяюся, што гэтая заява ці заўвагі амбасадара не былі афіцыйнай пазыцыяй Кітаю, і зараз у нас ёсьць канкрэтны адказ, што гэта ня так. Такім чынам, гэта добрая навіна», — адзначыў галоўны дыплямат ЭЗ Жузэп Бурэль.

Разам з тым краіны ЭЗ працягнуць пераацэньваць палітыку Зьвязу ў дачыненьні да Кітаю.

Што сказаў кітайскі амбасадар і якая была рэакцыя на яго выступ

Тэлежурналіст Дарыюс Рашэбэн у этэры каналу навін La Chaîne Info папрасіў пасла растлумачыць яго пазыцыю па Крыме, проста адказаўшы на пытаньне, ці належыць тэрыторыя паўвострава Ўкраіне.

«Гэта залежыць ад таго, як вы ўспрымаеце праблему», — адказаў кітайскі дыплямат і дадаў, што Крым быў «расейскім першапачаткова», пасьля чаго Мікіта Хрушчоў перадаў яго Ўкраіне.

На пярэчаньне журналіста, што міжнароднае права прызнае Крым як тэрыторыю Ўкраіны, Лу Шае заявіў, што дзяржавы з постсавецкай прасторы нібыта ня маюць статусу ў дзейным міжнародным праве, паколькі «няма міжнароднага пагадненьня, якое канкрэтызавала б іх статус як сувэрэнных краін».

На заявы кітайскага дыплямата імгненна адрэагаваў пасол Украіны ў Францыі Вадзім Амельчанка.

«Або ёсьць відавочныя праблемы з геаграфіяй. Альбо такія заявы ідуць насуперак пазыцыі кітайскай сталіцы «адносна намаганьняў у аднаўленьні міру ва Ўкраіне на аснове міжнароднага права, мэтаў і прынцыпаў Статуту ААН», — напісаў украінскі прадстаўнік у сваім Twitter.

У сваю чаргу кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што інтэрвію кітайскага дыплямата выдатна тлумачыць, чаму Пэкін ня можа быць пасярэднікам у перамовах па ўсталяваньні міру ва Ўкраіне.

«Калі камусьці ўсё яшчэ цікава, чаму краіны Балтыі не давяраюць Кітаю як „пасярэдніку ў дасягненьні міру ва Ўкраіне“, дык вось — кітайскі пасол, які сьцьвярджае, што Крым зьяўляецца расейскім, а межы паміж нашымі краінамі ня маюць ніякіх прававых падстаў», — напісаў кіраўнік дыпляматычнага ведамства.

Афіцыйная прадстаўніца МЗС КНР Мао Нін заявіла, што Кітай паважае сувэрэнны дзяржаўны статус краін былога Савецкага Саюзу.

«Кітай паважае сувэрэнны дзяржаўны статус рэспублік-удзельніц пасьля распаду Савецкага Саюзу», — сказала яна, як перадае Bloomberg.

Мао Нін падкрэсьліла прыхільнасьць Кітая прынцыпам Статуту ААН. Паводле яе, КНР паважае сувэрэнітэт, незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць усіх краін. Яна таксама нагадала, што пасьля распаду СССР Кітай у першых шэрагах пасьпяшаўся ўстанавіць дыпляматычныя адносіны з новымі дзяржавамі.

«З моманту ўстанаўленьня дыпляматычных адносін Кітай заўсёды прытрымліваўся прынцыпу ўзаемнай павагі і роўнасьці ў мэтах разьвіцьця двухбаковых адносін дружбы і супрацоўніцтва», — дадала яна.

Тым часам, як піcаў Bloomberg.com, амбасада Кітаю ў Францыі выдаліла стэнаграму супярэчлівага інтэрвію, у якім кітайскі амбасадар Лу Шае ставіў пад сумнеў незалежнасьць дзяржаў былога Савецкага Саюзу, што выклікала абурэньне ўсёй Эўропе.

Амбасада першапачаткова апублікавала поўную стэнаграму выказваньняў амбасадара Лу Шае на кітайскай і францускай мовах у сваім афіцыйным акаўнце WeChat у панядзелак раніцай. Аднак апоўдні паводле пэкінскага часу стэнаграму выдалілі са спасылкамі, у якіх гаварылася, што зьмест «быў выдалены аўтарам». Інтэрвію таксама не апублікавалі на афіцыйным сайце амбасады.
У інтэрвію францускай тэлекампаніі LCI, якое выйшла ў пятніцу, Лу сказаў, што некаторыя «краіны былога Савецкага Саюзу» ня маюць эфэктыўнага статусу ў адпаведнасьці зь міжнародным правам.

Гэтыя камэнтары выклікалі гнеў краін Балтыі — Эстоніі, Латвіі і Літвы, якія заявілі, што выклічуць кітайскіх дыпляматаў у сваіх сталіцах, каб растлумачыць выказваньні Лу. Галоўны дыплямат ЭЗ Жузэп Бурэль назваў заяву «непрымальнай».

Расейская анэксія Крыму

Паўвостраў Крым, які Расея анэксавала ў 2014 годзе, належыць Украіне згодна зь міжнародным правам. Расея доўга валодала паўвостравам, але не выпадае казаць аб тым, што так было спрадвеку. У розныя стагодзьдзі паўвостраў належаў розным дзяржавам, мяняўся і этнічны склад насельніцтва, як натуральным, так і гвалтоўным чынам. Часткай Расеі Крым упершыню стаў толькі ў 1783 годзе.

Расея русыфікавала паўвостраў, аднак на ім дзейнічала як украінская грамада, так і арганізацыі іншых народаў, якія яго насялялі — крымскіх татараў, габрэяў, баўгараў, караімаў, армянаў і іншых. Пры кіраўніку СССР Хрушчову Крымскую вобласьць перадалі Ўкраінскай ССР, пры гэтым у склад РСФСР перадалі частку іншых тэрыторый, забраўшы іх ва УССР.

Рэспубліка Беларусь, нягледзячы на словы Лукашэнкі пра жаданьне прыехаць у Крым і іншыя заявы і дзеяньні ў падтрымку расейскай інвазіі ва Ўкраіну, афіцыйна Крым часткай Расеі не прызнала. Супраць Масквы за анэксію Крыму і акупацыю часткі іншай тэрыторыі Ўкраіны ўвялі міжнародныя санкцыі. Абмежаваньні ўвялі і супраць Менску за дапамогу расейцам у вайне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG