У Эканамічным судзе Віцебскай вобласьці 26 чэрвеня адбудзецца судовае пасяджэньне па пазове «Беларусбанку» да кампаніі «ММПЗ-Груп», у склад якой раней уваходзіў Мёрскі металапракатны завод. Інфармацыю пра дату суду апублікаваў Вярхоўны суд.
У 2022 годзе ўсе актывы і даўгі Мёрскага мэталапракатнага заводу перайшлі новай дзяржаўнай фірме, якую заснаваў «Белколермет». Гэтаму папярэднічала падача шматлікіх пазоваў ад «Беларусбанка» да «ММПЗ-Груп». Некаторыя суды датычыліся эканамічнай неплацежаздольнасьці прадпрыемства.
Судзьдзі прымалі рашэньне аб спагнаньні з кампаніі запазычанасьці перад банкам. Агулам абавязацельствы вылічаюцца сотнямі тысяч эўра. Напрыклад, сума па адным з пазоваў перавышае 277 тысяч эўра, па другім — 244 тысячы эўра.
«Беларусбанк» удзельнічаў у фінансаваньні набыцьця асноўнага тэхналягічнага абсталяваньня. У 2015 годзе кампанія брала крэдыт для фінансаваньня паставак тэхналягічнага абсталяваньня зь Нямеччыны. Крэдытныя дамовы заключалі за кошт рэсурсаў нямецкага банку AKA Ausfuhrkredit-Gesellschaft mbH.
На заводзе ўдакладнялі, што крэдыты бралі на 10 гадоў «пад беспрэцэдэнтна нізкую працэнтную стаўку» і без прыцягненьня гарантый ураду Беларусі.
Цяпер «Беларусбанк» працягвае судовыя разборы з «ММПЗ-Груп».
Мёрскі мэталапракатны завод Miory Steel збудаваны ў 2015 годзе пры дапамозе замежных інвэстараў і нават быў спонсарам папулярных аўтагонак «Формула-1». Аднак на пачатку лета 2021 году ў прадпрыемства пачаліся праблемы. На заводзе чакалі прыезду Лукашэнкі, аднак замест яго на завод прыйшлі сілавікі. Яны затрымалі старшыню рады дырэктараў і аднаго з інвэстараў Аляксея Кавалёнка, а таксама некалькіх кіраўнікоў заводу: генэральнага дырэктара Пятра Шымуковіча і намесьніка генэральнага дырэктара ў эканоміцы і фінансах Дзьмітрыя Слаўнікава.
Пасьля гэтага завод стаў паказваць вялізныя страты і амаль дайшоў да банкруцтва.