ЗША і іх саюзьнікі па NATO павінны захоўваць пільнасьць у дачыненьні да прыкмет таго, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа прымяніць тактычную ядзерную зброю падчас «кіраванай» эскаляцыі вайны ва Ўкраіне. Пра гэта 18 красавіка заявіла намесьнік дзяржсакратара Вэндзі Шэрман.
Шэрман зрабіла папярэджаньне, адкрываючы штогадовую канфэрэнцыю NATO аб кантролі над узбраеньнямі, якая ўпершыню сёлета праходзіць у Паўночнай Амэрыцы. Першая такая канфэрэнцыя адбылася ў 2004 годзе.
«Мы ўсе назіралі і турбаваліся аб тым, што Ўладзімір Пуцін прыменіць тое, што ён лічыць нестратэгічнай тактычнай ядзернай зброяй, або выкарыстае нейкі дэманстрацыйны эфэкт для эскаляцыі, але ў рамках кіраванай эскаляцыі рызыкі, — сказала Шэрман. — Вельмі важна сачыць за гэтым».
Заява Пуціна, які 25 сакавіка сказаў, што Расея рыхтуецца разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў суседняй Беларусі, «зьяўляецца спробай выкарыстаць гэтую пагрозу кіраваным чынам»,— сказала Шэрман.
Тактычная ядзерная зброя прызначана для дасягненьня посьпехаў на полі бою або для выкарыстаньня супраць канкрэтных ваенных мэтаў.
Пуцін адмаўляе, што мае намер прымяняць ядзерную зброю ва Ўкраіне, дзе ўжо на працягу некалькіх месяцаў сытуацыя ніяк не мяняецца — паміж двума бакамі ідуць лютыя баі.
Беларусь, якая мяжуе з Украінай і Польшчай, Літвой і Латвіяй, што ўваходзяць у NATO, стала пляцдармам для часткі расейскіх вайскоўцаў, якія ўварваліся ва Ўкраіну ў лютым 2022 года.
Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг, які далучыўся да Шэрман на адкрыцьці канфэрэнцыі, назваў плян Пуціна разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі часткай шматгадовай мадэлі «небясьпечнай, безадказнай ядзернай рыторыкі», якая ўзмацнілася адначасова з узмацненьнем жорсткасьці ваеннага гвалту ва Ўкраіне.
Альянс, паводле яго, «вельмі ўважліва сочыць за тым, што яны [Расея] робяць».
Шэрман сказала, што Злучаныя Штаты будуць працягваць дзяліцца дадзенымі выведкі з усімі краінамі – сябрамі NATO для таго, «каб усе ведалі, дзе мы знаходзімся».