Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа 14 красавіка наклаў вэта на прыняты напярэдадні Сеймам закон аб нацыянальных санкцыях у дачыненьні да грамадзян Беларусі і Расеі. Кіраўнік Літвы мяркуе, што дэпутаты павінны заняць аднолькавую пазыцыю да грамадзян Расеі і Беларусі, ня робячы адрозьненьняў паміж імі.
У першым чытаньні закону дэпутаты не рабілі розьніцы паміж беларусамі і расейцамі, але пасьля прыслухаліся да крытыкі. Так, у прыватнасьці, спачатку меркавалася абмежаваць магчымасьць беларусам атрымліваць літоўскае грамадзянства, але ў другім чытаньні гэтую норму адмянілі. Наўседа ж хоча, каб усё засталося як у першым чытаньні. Таксама прадугледжаныя абмежаваньні наконт атрыманьня візаў і дазволу на жыхарства ў Літве.
«Беларусы — закладнікі ў сваёй краіне»
«Я лічу, што санкцый зашмат, яны ня вельмі адэкватныя. Яны вельмі жорсткія. Вельмі шмат людзей, якія ня маюць дачыненьня да агрэсіі, трапляюць пад санкцыі. На мой погляд, калі б можна было абмежавацца толькі расейцамі, то гэта было б найлепшым сцэнарам. Дзіўна, што прэзыдэнт тут уключаецца», — сказаў у размове з Свабодай дэпутат Сейму Томас Тамілінас.
Парлямэнтар мяркуе, што ідэальнага рашэньня дадзенай сытуацыі быць ня можа, бо немагчыма прыдумаць абмежаваньні, якія будуць тычыцца толькі тых грамадзян, што ўдзельнічаюць у агрэсіі.
«Усім відавочна, што беларусы — гэта закладнікі ў сваёй краіне, там падтрымкі агрэсіі зусім няма. І нельга раўнаваць усіх пад адзін грэбень», — лічыць дэпутат.
Для таго каб вэта было пераадолена, патрэбныя 50% + 1 голас дэпутатаў Сейму, але не ад тых, хто бярэ ўдзел у галасаваньні, а ад агульнай колькасьці, гэта значыць 71 голас. За мякчэйшыя абмежаваньні для беларусаў у другім чытаньні прагаласавалі 76 дэпутатаў, 13 былі супраць і 34 устрымаліся.
«У парлямэнце па-рознаму кажуць. Спачатку ніхто не ўключаўся, бо ўсе думалі пра абмежаваньні супраць Расеі. Добра, што пачалася дыскусія, што далучылася Сьвятлана Ціханоўская, а таксама расейскія апазыцыянэры. Мы бачым здаровую рэакцыю, ня трэба баяцца дыскусій. І гэта нармальна, што праект мяняецца цягам абмеркаваньня. Здаецца, шанцаў у вэта Наўседы вельмі мала, хоць усё можа быць. Пакуль я бачу, што большасьць на баку ранейшага рашэньня Сейму», — лічыць Томас Тамілінас.
«Трэба адрозьніваць грамадзкую думку Беларусі і Расеі»
Прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай па міжпарлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька таксама мяркуе, што пераадолець вэта рэальна.
«Я спадзяюся, што пераадолеем вэта, бо там палітычнай часткі больш, чым прававой. Патрэбна 50% + 1 ад агульнай колькасьці. У нас ёсьць падтрымка кіруючай кааліцыі кансэрватараў і лібэралаў (але я не скажу за кожнага дэпутата, бо працавалі зь лідэрамі фракцый). Ёсьць спадзяваньне, што частка апазыцыйных сацыял-дэмакратаў таксама падтрымаюць нас у гэтым. Партыя былога прэм’ера Саўлюса Сквярняліса таксама дэкляруе, што гатовыя падтрымаць беларусаў. Па лічбах выглядае, што ўсё павінна быць пераадолена», — паведаміў Свабодзе Лябедзька.
Па словах палітыка, ён разумее неабходнасьць прыняцьця такога закону, бо той павінен афіцыйна замацаваць нормы, прадугледжаныя законам аб надзвычайным становішчы ў Літве, што дзейнічаў ад пачатку вайны ва Ўкраіне.
«Тым ня менш закон закранае вялізную колькасьць беларусаў. Мы знайшлі палітычны кампраміс — гэта тая рэдакцыя закону, якая была ўхваленая Сеймам у другім чытаньні. Падалося, што мы перагарнулі старонку. Але ў прэзыдэнта ёсьць права вэта».
Прадстаўнік офісу Ціханоўскай успамінае, што ў нядаўнім апытаньні беларусы, якія выехалі з краіны, самай прывабнай краінай назвалі менавіта Літву.
«Трэба адрозьніваць грамадзкую думку ў Беларусі і Расеі. У Расеі ўсё ж большасьць за вайну. І аб’яднаныя расейцы вакол Пуціна. А ў Беларусі — вакол ідэі непрыняцьця вайны. І тут можа спрацаваць эканамічны фактар, што актыўная частка беларусаў скажа: «О’кей, калі не Літва, дык Польшча, Нямеччына ці ЗША», — працягвае Лябедзька.
Дакладнай даты новага галасаваньня па законе пакуль няма. Гэта можа адбыцца як у бліжэйшыя дні, так і напрыканцы красавіка.
Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.