Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іране летась пакаралі сьмерцю 582 чалавекі. А ў Беларусі?


Жанчыны і дзяўчаты зь непакрытай галавой працягваюць пратэставаць у розных гарадах Ірана супраць абавязковага нашэньня хіджабу. Правінцыя Ісфаган, архіўнае фота
Жанчыны і дзяўчаты зь непакрытай галавой працягваюць пратэставаць у розных гарадах Ірана супраць абавязковага нашэньня хіджабу. Правінцыя Ісфаган, архіўнае фота

Гэта самы высокі паказчык з 2015 года, які значна перавышае сярэднія дадзеныя за апошнія 15 гадоў.

Праваабарончыя арганізацыі апублікавалі зьвесткі аб прымяненьні пакараньня сьмерцю ў Іране ў 2022 годзе. У параўнаньні з 2021 годам гэтыя паказчыкі вырасьлі на 75% — летась пакаралі 582 чалавекі. Гэта самы высокі паказчык з 2015 году, і ён значна перавышае сярэднія дадзеныя за апошнія 15 гадоў, паведамляе Euronews.

2022 год быў адзначаны масавымі антыўрадавымі акцыямі, іх жорсткімі разгонамі і ціскам з боку органаў бясьпекі. Пік пратэстаў прыпаў на верасень, калі ў паліцэйскім участку забілі маладую жанчыну, абвінавачаную ў парушэньні ісламскіх правілаў нашэньня адзеньня.


Праваабарончыя групы «Правы Ірану» і «Разам супраць сьмяротнага пакараньня» заявілі, што ў апошнія месяцы мінулага года чатырох чалавек пакаралі за ўдзел у пратэстах і больш за сто чакаюць магчымага сьмяротнага прысуду. Большасць пакараных летась былі асуджаныя за наркотыкі і забойствы.

Сьмяротная кара ў Беларусі

Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе працягваюць прымяняць сьмяротнае пакараньне. За апошнія 20 гадоў расстралялі каля 400 асуджаных на найвышэйшую меру пакараньня. Вядомыя толькі два выпадкі памілаваньня.

Як стала вядома праваабарончаму цэнтру «Вясна», апошняга асуджанага на сьмерць, жыхара Слуцку (Менская вобласьць) Віктара Скрундзіка*, расстралялі 16 ліпеня 2022 году.

Як сьведчаць дакумэнты, атрыманыя кампаніяй «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня», Скрундзіку прысудзілі сьмяротнае пакараньне 6 сакавіка 2020 году па абвінавачаньні ў забойстве некалькіх чалавек і замаху на забойства яшчэ аднаго. Траім жыхарам Слуцкага раёну, якія праходзілі ў той жа справе, прысудзілі працяглыя тэрміны зьняволеньня.

Празь некалькі месяцаў Вярхоўны суд адмяніў сьмяротны прысуд у парадку апэляцыі, аднак 15 студзеня 2021 году Менскі абласны суд прызначыў мужчыну такое ж пакараньне, як і першы раз. Вырак набыў моц 4 траўня 2021 году.

Праваабаронцам да гэтага часу невядомы лёс Віктара Сяргея, асуджанага на сьмерць 25 кастрычніка 2019 году. 31 студзеня 2020 году суд адхіліў ягоную скаргу на прысуд. Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня» Андрэй Палуда заявіў з гэтай нагоды:

«Варта адзначыць, што пытаньне сьмяротнага пакараньня заўсёды знаходзілася пад заслонай сакрэтнасьці, а цяпер маніторынг гэтых справаў адбываецца яшчэ складаней. Таму сцьвярджаць, што ў 2022 годзе не прыводзілася ў выкананьне сьмяротных прысудаў, ня можам. Мы выкарыстоўваем дастаткова асьцярожную фармулёўку аб тым, што нам пра іх невядома».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG