Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі сталі часьцей жаніцца, але ці добры гэта знак?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Мы шмат гадоў чулі, што ў Беларусі ўсё кепска з так званымі сямейнымі каштоўнасьцямі, што жэняцца людзі ўсё менш, а разводзяцца — усё больш. У апошнія два гады карціна стала нібыта паляпшацца. Але ці сапраўды рост колькасьці шлюбаў — гэта добрая тэндэнцыя?

Калі ў 2015 годзе ў Беларусі было 82 тысячы вясельляў, дык у 2020 — ужо 50 тысяч. У 2021 ажанілася троху менш за 60 тысяч пар, а ў 2022 — амаль 58 тысяч. Прадстаўнікі дзяржаўных органаў, якія вельмі турбуюцца за беларускую дэмаграфію і так званыя сямейныя і традыцыйныя каштоўнасьці, відаць, дужа радуюцца новай статыстыцы. Іх высновы ў такіх сытуацыях звычайна простыя: больш вясельляў — гэта добра, а менш вясельляў — гэта кепска. Кантэкст ніякай ролі ня грае, і дарма. У Беларусі ж цяпер сталі больш жаніцца не канечне ад добрага жыцьця.

Масавыя рэпрэсіі, эканамічны і палітычны крызіс, дзяржаўны тэрор — гэта дакладна ня тыя ўмовы, калі ў сярэднім расьце надзея на светлую будучыню, у якой хочацца жыць разам з каханымі і гадаваць разам жаданых дзяцей. У такіх умовах шлюб становіцца інструмэнтам спрасьціць сабе жыцьцё ў выпадку, калі ўсё пойдзе ня так. Альбо калі бяда ўжо прыйшла ў дом.

Амаль паўтары тысячы чалавек прызнаныя ў Беларусі палітзьняволенымі, а фактычна такіх людзей можа быць нашмат больш. Некаторыя зь іх расьпісваюцца з сваімі каханымі, каб атрымліваць ад іх перадачы і мець доўгія спатканьні (калі сядзіць толькі адзін чалавек з пары), альбо каб мець магчымасьць перапісвацца (калі яны ўдвох у зьняволеньні). Так, у мінулым годзе пажаніліся ў СІЗА Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна, у калёніі ажаніўся Давід Збаранскі і пабралася шлюбам Яна Арабейка. Таксама вядома, што ў 2022-м ажаніліся ў зьняволеньні з сваімі каханымі Міхаіл Юдзін і Антон Якавук.

Колькі пар расьпісаліся, так бы мовіць, прэвэнтыўна — невядома. Але лягічна было б выказаць здагадку, што ёсьць людзі, якія пэўны час былі разам і вырашылі пабрацца шлюбам, калі зразумелі, што ў выпадку арышту і завядзеньня крымінальнай справы ім гэта хоць у нечым дапаможа.

«На ўсякі выпадак» у крызісных сытуацыях жэняцца ў розных краінах, і ў гэтым няма нічога дзіўнага. Напрыклад, у Расеі здарыўся сапраўдны вясельны бум на фоне мабілізацыі, а ва Ўкраіне ў першыя месяцы пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі людзі жаніліся ў восем разоў часьцей, чым у аналягічны пэрыяд 2021 году.

Цікава было б дасьледаваць, як вялікая плынь эміграцыі зь Беларусі паўплывала на колькасьць новых шлюбаў у краіне. Пераяжджаць афіцыйнай сям’ёй шмат у чым можа быць прасьцей, чым нерасьпісанай парай, нават калі тая пара разам ужо 12 гадоў. Муж і жонка маюць права на ўзьяднаньне зь сям’ёй, і гэта дае ім дадатковую магчымасьць легалізоўвацца ў новай краіне. Дый клясычныя аргумэнты — магчымасьць прымаць мэдычныя рашэньні і мець права на маёмасьць у выпадку сьмерці каханага ці каханай — таксама нікуды ня зьніклі.

Хутчэй за ўсё, чыноўнікі і дзяржаўныя прапагандысты будуць выкарыстоўваць новую шлюбную статыстыку ў якасьці аргумэнту, што ў Беларусі ўсё цудоўна. Яны будуць казаць, што беларусы і беларускі з упэўненасьцю глядзяць у будучыню і гатовыя ствараць сем’і на радзіме. А пра нязручныя нюансы гэтыя людзі, вядома ж, прамаўчаць. Цікава толькі: самім сабе яны таксама хлусяць?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG