Найбольшая колькасць грузавых аўто на мяжы з Эўразьвязам стаіць на ўезд у Літву, легкавых — у Польшчу, паведаміла БелТА са спасылкай на Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.
Пасьля таго, як Польшча закрыла пункт пропуску ў Баброўніках на мяжы зь Беларусьсю, чэргі грузавікоў з Эўразьвязу і трэціх краін у пунктах пропуску празь літоўска-беларускую граніцу працягваюць расьці. 11 красавіка больш за 500 фур знаходзяцца ў чарзе на ўезд у Эўразьвяз перад польскім пунктам пропуску «Кукурыкі» («Казловічы»).
Па стане на 12.00 11 красавіка найбольш загружаны маршрут на ўезд у Эўразьвяз праходзіць празь літоўскі пункт пропуску «Мядзінінкай» («Каменны Лог» зь беларускага боку). Паводле беларускіх памежнікаў, за мінулыя суткі кантрольныя службы там прапусцілі на літоўскую тэрыторыю 34% вялікагрузаў ад нормы.
Затрымкі ў афармленьні фур таксама фіксуюцца ў пунктах пропуску «Цьвярячюс» («Відзы»), «Лаварышкес» («Катлоўка»), «Шальчынінкай» («Беняконі») і «Райгардас» («Прывалка»).
Найбольш загружаны пункт пропуску на латвійскім кірунку — «Патэрніекі» («Грыгараўшчына»).
Самая вялікая чарга ў Эўразьвяз зь легкавушак — перад польскім пунктам пропуску «Тарэспаль» («Берасьце»). Затрымкі ў афармленьні таксама фіксуюцца перад літоўскімі пунктамі пропуску «Мядзінінкай» («Каменны Лог») і «Райгардас» («Прывалка»).
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
- У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
- Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
- Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
- Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
- Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
- Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
- Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
- Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
- Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
- На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
- Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
- 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.