У літоўскім пункце пропуску «Мядзінінкай» (Меднікі, пункт пропуску зь беларускага боку — Каменны Лог) будуць працягвацца работы па рэканструкцыі, паведамляе літоўская мытня.
Асфальтаваньне пачнецца 4 красавіка і прадоўжыцца да 31 траўня. Пункт пропуску працягне працаваць, але яго прапускная здольнасьць будзе вагацца ў залежнасьці ад правядзеньня работ.
У літоўскай мытні параілі ў гэты час выбіраць іншыя пункты пропуску для перасячэньня мяжы.
Пасьля таго, як Польшча закрыла пункт пропуску ў Баброўніках на мяжы зь Беларусьсю, чэргі грузавікоў з Эўразьвязу і трэціх краін у пунктах пропуску празь літоўска-беларускую мяжу працягваюць расьці.
Што пагаршае рух празь мяжу Літвы і Беларусі
На мяжы Беларусі і Літвы працуюць 8 памежных пераходаў. Пераход Беняконі — Стасілы (Stasylos), які прызначаны для грузавых чыгуначных перавозак, закрыты з 16 лютага з ініцыятывы Літвы.
На літоўска-беларускай мяжы цяпер працуюць наступныя пункты пропуску:
- Відзы — Цьверач / Tverėčius (праезд даступны для легкавікоў і пустога грузавога транспарту, мяжу нельга перайсьці пешшу ці пераехаць на ровары).
- Катлоўка — Лаварышкі / Lavoriškės (праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
- Лоша — Шумск / Šumskas (праезд даступны толькі для легкавікоў, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
- Каменны Лог — Меднікі / Medininkai (праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
- Беняконі — Салечнікі / Šalčininkai (праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
- Прывалка — Райгардас / Raigardas (праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
- Гудагай — Кяна / Kena (толькі для грузавых чыгуначных перавозак).
Да пандэміі ковіду ў Літву зь Беларусі можна было даехаць рэгулярнымі цягнікамі, дарога займала менш за 3 гадзіны. З 2020 году пасажырскіх чыгуначных зносін зь Літвой няма, такое рашэньне літоўскі бок прыняў пасьля пачатку пандэміі.
Увесну 2021 году на мяжы Беларусі і Літвы ўзьнік міграцыйны крызіс — Беларусь пускала праз сваю тэрыторыю мігрантаў з Сырыі, Іраку і некаторых афрыканскіх краін.
Гэта прывяло да напружаньня ў памежнай зоне і пастаянных сутыкненьняў літоўскіх памежнікаў зь мігрантамі. Падчас міграцыйнага крызісу на мяжы затрымлівалі па некалькі сотняў мігрантаў за дзень, агулам у Літву зь Беларусі не пусьцілі больш за 15 тысяч мігрантаў. Па стане на чэрвень мінулага году ў Літве заставаліся 2600 мігрантаў, якія прыйшлі з тэрыторыі Беларусі.
У верасьні 2022 году, калі пачалося ўжо расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, Літва заяўляла пра намер наогул закрыць мяжу зь Беларусьсю для турыстаў, аднак гэтага не адбылося.