Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая палітзьняволеная ў «справе Зельцара»: «Яго ўдава была ў шоку, што столькі людзей затрымліваюць за камэнтары»


Марыя Ўсьпенская на відэа, якое трапіла ў сеціва неўзабаве пасьля здарэньня ў кватэры Андрэя Зельцара
Марыя Ўсьпенская на відэа, якое трапіла ў сеціва неўзабаве пасьля здарэньня ў кватэры Андрэя Зельцара

Жанчыну затрымалі на вачах мужа і 6-гадовага сына на наступны дзень пасьля забойства супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка, 29 верасьня 2021 году. За кратамі яна пазнаёмілася са многімі вядомымі палітвязьнямі, у тым ліку ўдавой Зельцара Марыяй Усьпенскай, і расказала пра допыты ў КДБ.

Першапачаткова справу на затрыманую жанчыну завялі паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці групай асобаў») за камэнтар пад відэа, піша «Вясна». Аднак затым, як кажа сама экс-зьняволеная, справа пра «ботафэрму» развалілася, бо сілавікі не знайшлі доказаў, што камэнтары кіраваліся з аднаго «цэнтру».

Пра сваё затрыманьне жанчына апавядае так:

«Усё было, як у кіно: адчыняюцца дзьверы, залятаюць дзевяць чалавек у поўным рыштунку, першы ляціць з кувалдай і заганяе мяне ў шафу, а мужа ставяць да сьценкі на расьцяжку. Калі я выходзіла, то ў кватэры засталося крычаць і плакаць дзіця. Гэта апошні ўспамін з дому. Я калі выйшла, то больш родных ня бачыла практычна паўтара года».

Кватэру жанчыны не разграмілі, але так было не з усімі.

«Ведаю, што некаторых затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу, якія моцна разносілі кватэры і білі людзей. Адну жанчыну прывялі на Акрэсьціна ўсю пабітую. Калі мяне забіралі з дому, то адзін супрацоўнік сказаў: „Мы вас абараняем, а вы пра нас усё так дрэнна пішаце. Паглядзіце, якія мы добрыя, мы вам нават кватэру не разьнесьлі“. Адзін з тых, хто мяне затрымліваў, быў дакладна з КДБ».

У КДБ, як сьцьвярджае былая зьняволеная, прыяжджалі Карпянкоў, Тэртэль, Паўлічэнка і Лукашэнка. Допыты былі псыхалягічна цяжкія:

«У КДБ некаторым жанчынам казалі: „Мы вас наагул за людзей ня лічым, а вы нешта яшчэ варушыцеся і пішаце. Калі б нам далі карт-блянш, то куля ў лоб у вас ва ўсіх бы ўжо была“. Адну дзяўчыну дапытваў Паўлічэнка».

На нейкі час жанчына апынулася ў адной камэры з удавой Андрэя Зельцара Марыяй Усьпенскай.

«Мы не пыталіся ў Машы, што адбывалася 28 верасьня ў іх у кватэры, каб не траўмаваць яе. Нават у нашых крымінальных справах пра гэта не было наогул нічога. Але Маша расказала, што Андрэй пасьпяхова займаўся крыптавалютамі. І напярэдадні таго, як прыйшлі да яго сілавікі, ён зьняў вельмі буйную суму грошай. Магчыма, гэта стала прычынай, чаму да яго ўламіліся».

Пра абстаноўку на Акрэсьціна:

«Нас на Акрэсьціна ня білі. Тры дні ў нас не зачыняліся дзьверы — ім было не да біцьця. Там было вар’яцтва! Яны мітусіліся, таму што столькі людзей тады хапалі! Усе паверхі ІЧУ на Акрэсьціна былі запоўненыя затрыманымі за камэнтары. Людзей затрымлівалі пачкамі. Хлопцаў забіралі проста з басэйну за плаўкі, кагосьці — з шпітальнай палаты перад апэрацыяй на ныркі, у КДБ бачыла, як перадавалі пачак лістоў, а на кожным — фатаграфія, прозьвішча і білінгі».

Таксама яна расказала пра знаёмства зь вядомымі палітычнымі зьняволенымі:

«На „Валадарцы“ я пазнаёмілася зь Людмілай Чэкінай, Юліяй Мудрэўскай, Валерыяй Касьцюговай і Ірынай Злобінай. Яны ведалі, што ім будзе па 10 гадоў, і былі да гэтага гатовыя. Займаліся спортам у камэры і ў любое надвор’е хадзілі на шпацыр. Валерыя Касьцюгова прасіла перадаць, каб людзей неяк з турмаў вызвалялі, таму што вельмі цяжка і вялікі прэсінг.

Чамусьці на Ірыну Злобіну, якую ўжо асудзілі на дзевяць гадоў калёніі, аказваўся вялікі ціск. Зь яе асабліва зьдзекавалася адна рэжымная работніца Дзядзюля».

Перастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома

28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.

Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.

Андрэю Зельцару быў 31 год.

У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).

Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.

Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».

17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».

Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.

Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.

Дзьмітры Федасюк
Дзьмітры Федасюк

Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».

Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG