Паводле Zerkalo. io, ён заявіў, што беларускія авіяцыйныя прадпрыемствы актыўна нарошчваюць расейскія замовы. Паводле яго слоў, улады ставяць задачу загрузіць авіяцыйныя прадпрыемствы да 2030 году.
«Мы ня толькі можам прапанаваць у гэтай частцы свае кампэтэнцыі і магчымасьці, мы ўжо актыўна гэтым усім займаемся. Казань, Ульянаўск, і вось наступная ў нас паездка будзе ўжо на ўзроўні ўрадавай дэлегацыі ў Іркуцк. Мы хочам, асабіста паразмаўляўшы, сфармаваць доўгатэрміновыя праграмы загрузкі двух нашых прадпрыемстваў — 407-га, („Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі“) і 558-га („Авіяцыйны рамонтны завод“ у Баранавічах) заводаў», — сказаў амбасадар.
Круты расказаў, што цяпер заводы працуюць па такіх расейскіх мадэлях самалётаў як: пасажырскі МС-21 (улады разьлічваюць, што змогуць вырабляць 1350 дэталяў да яго), вайскова-транспартны Іл-76 і самалёт дазапраўшчык Іл-78 (усяго больш за 2100 вырабаў), а таксама пасажырскі Ту-204.
Пакуль, паводле слоў Крутога, у пляне 700 вырабаў, на вытворчасьць якіх расейскі бок даў згоду.
«Гэта першая тактычная задача — загрузіць нашы заводы да 2030 году гэтай кампанэнтнай базай па тых напрамках, якія існуюць. Далей прэм’ер-міністар даручыў актыўна прыцягнуць да гэтай гісторыі ня толькі непасрэдна два нашыя профільныя прадпрыемствы, але таксама „Інтэграл“ і „Гарызонт“. Яны тут павінны знайсьці сваю нішу ў сфэры авіёнікі, мікрасхем, вадкакрысталічных панэляў. Яны цяпер таксама гэтым актыўна займаюцца», — заявіў Круты.
Ён таксама дадаў, што ўлады жадаюць стварыць фінальную зборку самалёта ў Беларусі.
«На сёньняшні дзень у прапрацоўцы Су-25. Адпаведная дакумэнтацыя цяпер вывучаецца, перадаецца расейскім бокам. Але прэм’ер-міністрам нават задача ставіцца больш жорстка: ад зборкі авіяцыйных рухавікоў — і выйсьці да фінішнай зборкі самалётаў. Гэта, вядома, супэрзадача, задача максымум», — сказаў Круты.
Паводле яго слоў, найбліжэйшым часам у Беларусь прыедзе расейскі віцэ-прэм’ер Дзяніс Мантураў. Круты лічыць, што гэтая тэма будзе абмяркоўвацца «на ўзроўні ўрадаў».
«Гэта будзе сапраўдным прарывам. І Беларусь пяройдзе на зусім іншы ўзровень у авіябудаваньні ў найбліжэйшыя гады», — мяркуе чыноўнік.
- Беларусь, згодна са зьвесткамі Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньня міру (SIPRI), з 2019 году захоўвае 20-е месца ў пераліку краін — экспартэраў вайсковага ўзбраеньня.
- Паводле апошняй справаздачы, Беларусь у 2018–2022 гадах скараціла экспарт на 37% у параўнаньні з 2013–2017 гадамі. Асноўныя пастаўкі зброі Беларусь ажыцьцяўляла ў Сэрбію, Віетнам і Ўганду.
- Адначасова Беларусь за апошнія пяць гадоў стала найбольшым пакупніком расейскай зброі, хоць увогуле Расея пагоршыла свае пазыцыі на міжнародным рынку зброі — яе экспартныя пастаўкі скараціліся на 31%, а 8 з 10 яе асноўных партнэраў скарацілі закупкі расейскай тэхнікі і зброі.