Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапаганда расказала пра затрыманьне чалавека, які нібыта арганізаваў трансьляцыю зь лётнішча ў Мачулішчах


Паводле дзяржаўных СМІ, у аграгарадку Сеніца Менскага раёна затрымалі айцішніка, які нібыта арганізаваў онлайн-трансляцыю далёкага прываду вайсковага аэрадрома ў Мачулішчах.

Са зьместам сюжэту, які трансьляваўся тэлеканам АНТ увечары 4 красавіка, знаёміць Zerkalo.

Як расказалі дзяржаўныя СМІ, далёкі прывад — гэта маяк, які знаходзіцца прыкладна за 4 кілямэтры ад узьлётна-пасадачнай паласы аэрадрома Мачулішчы. Па АНТ паведамілі, што чалавек, якога прапагандысты называюць Зьмітром Маставым, нібыта сам напісаў у бот тэлеграм-канала па маніторынгу вайсковай актыўнасьці «Беларускі Гаюн» і прапанаваў сваю дапамогу. Ён нібы расказаў, што вокны ягонага дома ў Сеніцы выходзяць на далёкі прывад аэрадрома Мачулішчы.

«Магу павесіць вэб-камэру на акно і даць доступ. Або павярнуць адну з камэр відэаназіраньня на далёкі прывад і даць доступ. Да далёкага прываду ад дома напрасткі 900 мэтраў», — паказалі на дзяржтэлеканале, як сцвярджаецца, перапіску Маставога з тэлеграм-каналам.

У эфіры АНТ паведамілі, што мужчына наладзіў відэатрансьляцыю далёкага прываду па ноўтбуку дачкі празь відэазванок у Skype.

«Маставы падключыў ноўтбук дачкі, камэра працавала праз Skype, а праграму наладзіў так, што званок прымаўся аўтаматычна і суразмоўца адразу ж бачыў, што адбываецца на аэрадроме. Два тыдні онлайн — з 26 студзеня па 10 лютага — трансьляцыя будзе ісьці бесьперапынна, суткамі», — расказалі на дзяржаўным тэлеканале.

Паводле вэрсіі сілавікоў, затым айцішнік наладзіў і трансьляцыю з камэры відэаназіраньня, якую ўсталяваў на даху дома.

Прапагандысты паведамляюць, што затрымалі мужчыну 26 лютага праз падазрэньне ў садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці і замаху на дзяржаўную здраду. У эфіры АНТ сьцьвярджаецца, што яго схапілі ў той момант, калі ён забіраў відэакамэру са схованкі каля АЗС «Газпрамнафта» на 11-м км трасы М2.

КДБ Беларусі выступіў з заявай адносна дывэрсіі ў Мачулішчах, калі ў лютым быў пашкоджаны расейскі вайсковы самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50У. Паводле іх, у справе праходзіць каля 30 чалавек.

«Усім фігурантам крымінальнай справы выстаўлена абвінавачаньне паводле часткі 3 артыкулу 289 Крымінальнага кодэксу Беларусі (Акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай). Максымальная санкцыя прадугледжвае пакараньне ажно да сьмяротнага», – піша БелТА.

Праваабаронцы «Вясны» зазначаюць, што дзяржаўныя тэлеканалы паведамілі пра 30 фігурантаў справы аб дывэрсіі ў Мачулішчах. Такую ж лічбу ў «пасланьні да народу і парлямэнту» 31 сакавіка назваў Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG