Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўнаму рэдактару «Рэгіянальнай газеты» Манцэвічу выставілі абвінавачаньне


Аляксандар Манцэвіч
Аляксандар Манцэвіч

Рэдактару вядомага выданьня пагражае 4 гады турмы за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь».

Галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча абвінавачваюць у «распаўсюдзе заведама лжывых зьвестак, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады». Пра гэта паведаміла пракуратура Беларусі.

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, Манцэвіч як кіраўнік газэты разам з іншымі з 1 студзеня 2020 году па 15 сакавіка 2023 году нібыта распаўсюджваў у друкаваным выданьні і яго інтэрнэт-рэсурсах зьвесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і органы ўлады.

«У артыкулах зьмяшчалася недакладная інфармацыя, накіраваная на прычыненьне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам, падрыў аўтарытэту краіны і яе органаў улады, нанясеньне шкоды нацыянальным інтарэсам, дэстабілізацыю абстаноўкі сярод грамадзян Беларусі, фармаваньне лжывых уяўленьняў аб невыкананьні ў рэспубліцы правоў і свабод грамадзян».

Манцэвічу інкрымінавалі арт. 369-1 КК (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). Найвышэйшая санкцыя гэтага артыкулу — пазбаўленьне волі на тэрмін да 4 гадоў.

Раніцай 15 сакавіка адбыўся вобшук у доме галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газэты» Аляксандра Манцэвіча ў Вілейцы (Менская вобласьць). Зь ім і ягонай жонкай Нінай Манцэвіч зьнікла сувязь. Пасьля стала вядома, што Манцэвіч знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

  • «Рэгіянальная газэта» — вядучае недзяржаўнае грамадзка-палітычнае выданьне Маладэчна і рэгіёну, якое выходзіла з 1996 году.
  • 20 студзеня суд Маладачанскага раёну прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кантэнт сайту і старонак «Рэгіянальнай газеты» у сацыяльных сетках.
  • 15 сакавіка таксама прайшоў ператрус у рэдакцыі слуцкага выданьня «Інфа-Кур’ер», усіх прысутных пры ім змусілі даць падпіску аб невыдаваньні. Затрымалі галоўнага рэдактара Сяргея Станкевіча, а таксама Глеба Рулёва і Алега Рубчэню. 17 сакавіка Сяргея Станкевіча і Алега Рубчэню асудзілі на 15 дзён арышту кожнага за нібыта непадпарадкаваньне пры затрыманьні.

Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG