Раніцай 3 красавіка ў цэнтры акупаванага расейскімі войскамі ўкраінскага горада Мелітопаль (Запароская вобласьць) адбыўся выбух аўтамабіля.
Акупацыйныя ўлады паведамілі аб адным пацярпелым.
Пазьней законны мэр Мелітопаля Іван Фёдараў паведаміў, што падарваўся аўтамабіль актывіста Камуністычнай партыі Ўкраіны Максіма Зубарава. Ён быў адным з найбліжэйшых пасьлядоўнікаў Яўгена Баліцкага — кіраўніка акупацыйнай улады Запароскай вобласьці, таксама калябаранта, некалі дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны ад прарасейскай партыі «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё».
«Ён пайшоў на супрацу з ворагам адным зь першых і ўзначаліў так званую Якімаўскую адміністрацыю», — паведаміў Іван Фёдараў.
Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксей Ганчарэнка паведаміў, што Зубарава шпіталізавалі, ён у цяжкім стане.
Якімаўка — пасёлак гарадзкога тыпу ў Мелітопальскім раёне Запароскай вобласьці.
Летась у Запароскай вобласьці загінулі некалькі мясцовых калябарантаў.
У Бярдзянску Запароскай вобласьці загінулі Алег Бойка, які пагадзіўся працаваць намесьнікам кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі гораду ў пытаньнях жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, і ягоная жонка Людміла Бойка, якая займалася падрыхтоўкай так званага «рэфэрэндуму» аб далучэньні акупаваных расейскімі войскамі раёнаў Запароскай вобласьці да Расеі.
У Мелітопалі 12 жніўня 2022 году стала вядома аб замаху на аднаго з кіраўнікоў выбарчага штабу «Адзіная Расея» Алега Шостака, але ён выжыў, хоць і атрымаў раненьні.
У канцы траўня 2022 году стала вядома пра выбух у Мелітопалі каля дома калябаранта Яўгена Баліцкага, прызначанага кіраўніком акупацыйнай улады Запароскай вобласьці. Але сам Баліцкі не пацярпеў.
Ад траўня 2022 году з захопленых Расеяй тэрыторый на поўдні Ўкраіны ўсё часьцей паведамляюць пра замахі на тых грамадзян Украіны, якія перайшлі на бок акупацыйнай улады Расеі.
Усе гэтыя выпадкі зьвязваюць з украінскімі партызанамі, якія дзейнічаюць на часова акупаваных Расеяй тэрыторыях.
Праваахоўныя органы Ўкраіны завялі амаль 2 тысячы крымінальных спраў на ўкраінскіх грамадзян, якія перайшлі на бок Расеі пасьля пачатку вайны.