Паводле крыніцы ўкраінскай службы Радыё Свабода ў праваахоўных органах, сьледчыя дзеяньні вядуць па падазрэньні мітрапаліта па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса Ўкраіны:
- арт. 161 — «Парушэньне раўнапраўя грамадзян у залежнасьці ад іх расавай, нацыянальнай, рэгіянальнай прыналежнасьці, рэлігійных перакананьняў, інваліднасьці і іншых прыкметаў»
- арт. 436-2 — «Апраўданьне, прызнаньне правамерным, адмаўленьне ўзброенай агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны, гларыфікацыя яе ўдзельнікаў».
СБУ пакуль афіцыйна не камэнтавала абвінавачаньні супраць мітрапаліта.
Мітрапаліта выклікалі на допыт у праваахоўныя органы, які пройдзе 1 красавіка а 12-ай гадзіне. Пасьля гэтага яму абяруць меру стрыманьня, паведамляецца на сайце Кіева-Пячэрскай лаўры.
- У канцы 2022 году прэзыдэнт Ўкраіны Зяленскі заявіў, што ў краіне забароняць дзейнасьць рэлігійных арганізацый, зьвязаных з Расеяй. Паводле яго, трэба стварыць такія ўмовы, пры якіх «залежныя ад краіны-агрэсара дзеячы ня будуць мець магчымасьці маніпуляваць украінцамі».
- У сьнежні 2022 году СБУ апублікавала сьпіс з 10 чалавек, якія трапілі ў «царкоўны сьпіс» санкцый РНБА. Сярод іх, у прыватнасьці, апынуліся клірык УПЦ (МП), экс-дэпутат Вадзім Навінскі і тагачасны намесьнік Кіева-Пячэрскай лаўры мітрапаліт Павел.
- 13 сакавіка стала вядома, што Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны паведаміла Ўкраінскай праваслаўнай царкве Маскоўскага патрыярхату пра разрыў з 29 сакавіка дамовы аб бясплатным выкарыстаньні Кіева-Пячорскай лаўры: падставай для гэтага рашэньня сталі зафіксаваныя парушэньні ўмоваў карыстаньня дзяржаўнай маёмасьцю. Манахі павінны былі пакінуць тэрыторыю сьвятыні, але былы намесьнік Лаўры мітрапаліт Павел заявіў, што яны не плянуюць гэтага рабіць і падаюць пазоў супраць нацыянальнага запаведніка «Кіева-Пячэрская лаўра».