Сярод іншых, у сьпіс дадалі вайсковага аналітыка, палітвязьня Ягора Лебядка, асуджанага на 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму па арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (Садзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
Таксама сьпіс папоўнілі намесьнік старшыні Менскага роварнага таварыства Максім Пучынскі, асуджаны на 2,5 года «хатняй хіміі» па «народным» артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх), блогеры Кацярына і Сяргей Чарэшка, асуджаныя за ўдзел у акцыях пратэсту па арт. 342 КК, прафэсійны гулец у хакей на траве Дзяніс Хатылёў, асуджаны на 2 гады «хатняй хіміі» па арт. 342 КК, і іншыя.
Агулам у «сьпісе экстрэмістаў» МУС Беларусі ўжо 2637 чалавек.
Напярэдадні Дня Волі ў 2022 годзе МУС Беларусі «павіншавала» беларусаў першай публікацыяй «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці». Адразу ў яго ўключылі 140 чалавек, сярод іх былі палітвязьні — Павал Севярынец, Марыя Калесьнікава, Максім Знак. За год гэты сьпіс вырас у дзясяткі разоў.
У яго МУС уключае асуджаных у Беларусі па «палітычных» справах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе, адзначаюць праваабаронцы.
Якія абмежаваньні для тых, каго ўключылі ў «сьпіс экстрэмістаў»
Згодна з часткамі 3 і 4 артыкула 18 Закону «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму» грамадзянам, у дачыненьні да якіх ёсьць прысуд, які набыў законную сілу, да пагашэньня або зьняцьця судзімасьці і на працягу 5 гадоў пасьля пагашэньня або зьняцьця судзімасьці забараняецца:
- займацца пэдагагічнай дзейнасьцю (у частцы рэалізацыі зьместу адукацыйных праграм),
- займацца выдавецкай дзейнасьцю,
- займаць дзяржаўныя пасады,
- праходзіць вайсковую службу,
- займацца дзейнасьцю, зьвязанай з абаротам наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх прэкурсораў, зброі і боепрыпасаў, выбуховых рэчываў (у сувязі з гэтым абмяжоўваецца і мэдычная дзейнасьць у частцы ўзаемадзеяньня з такімі сродкамі).
Акрамя гэтага, фінансавыя апэрацыі грамадзян, уключаных у «сьпіс экстрэмістаў», падлягаюць асабліваму кантролю ў адпаведнасьці з заканадаўчымі актамі. Пад фінансавай апэрацыяй разумеюцца адкрыцьцё банкаўскага рахунку, разавыя плацяжы, перавод, паступленьне, выдача, абмен, унясеньне грашовых сродкаў.
Гэта значыць, напрыклад, што калі «экстрэмісту» на рахунак перавядуць грошы, то пра гэта банк паведаміць у Камітэт дзяржаўнага кантролю. Акрамя таго, усе ўдзельнікі фінансавай апэрацыі, якая падлягае асабліваму кантролю, будуць ідэнтыфікаваныя. Банк пасьля ажыцьцяўленьня апэрацыі павінен запоўніць спэцыяльную форму і адправіць яе ў ДФР, тлумачаць праваабаронцы «Вясны».