Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнка разумее сувэрэнітэт. Некалькі тэзісаў з нагоды пасланьня. Відэа


Гэта было першае пасланьне Лукашэнкі з пачатку вайны ва Ўкраіне і беспрэцэдэнтнага геапалітычнага канфлікту паміж Расеяй і Захадам. І менавіта гэтая тэма была вылучана як галоўная, зь яе пачаўся выступ, і да яе ж Лукашэнка неаднаразова вяртаўся на працягу ўсяго трохгадзіннага дакладу.

Сьцісла:

  • Лукашэнка намаляваў фантастычную карціну сьвету, якую амаль немагчыма рацыянальна ацэньваць.
  • Тэму ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі Лукашэнка не разьвіваў і не расшыфроўваў дэталі.
  • Амаль нічога не было сказана пра ролю Беларусі ў расейскай агрэсіі.
  • З супярэчлівых выказваньняў Лукашэнкі можна зрабіць выснову, што адыходзіць ад улады ён не зьбіраецца.
  • Лукашэнка намякнуў, што на парадку дня — пытаньне пра рэпрэсіі адносна родзічаў «зьбеглых» і канфіскацыі іх маёмасьці.

Лукашэнка ўвязаў праблему вострай канфрантацыі ў рэгіёне з пытаньнем сувэрэнітэту і незалежнасьці. У прынцыпе, пастаноўка праблемы, можа, і правільная. На тэрыторыі краіны — чужыя войскі. Але галоўную пагрозу сувэрэнітэту ён бачыць з боку Захаду.

Прапанаваная фантастычная карціна сьвету, якую амаль немагчыма рацыянальна ацэньваць.

Адносна вайны ва Ўкраіне Лукашэнка паўтарыў усе ранейшыя інтэрпрэтацыі. Хіба што зьвярнула на сябе ўвагу заява пра паўмільёна чалавек забітымі і скалечанымі з абодвух бакоў ды тэзіс пра тое, што і ў Расеі, і ва Ўкраіне людзі не разумеюць, за што ваююць, а таму ня хочуць ваяваць. Увогуле, Расея ў ходзе вайны «целяпаецца». Гэта моцна разыходзіцца з наратывамі расейскай прапаганды. Адначасова ён заклікаў Расею прымяніць усю зброю, фосфарныя бомбы, уранавыя снарады.

Акцэнт быў зроблены на тое, каб рэанімаваць сваю ролю міратворца. Маўляў, мы за мір і за перамовы.

Што тычыцца тэмы ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, то яе Лукашэнка ня стаў разьвіваць і расшыфроўваць дэталі. Прагучала заява, што гэта — наша ядзерная зброя, кіраваць ёй будзем мы. Праўда, незразумела, ці пагодзіцца з гэтым Расея. Таксама пужаў магчымасьцю разьмяшчэньня стратэгічных ракет. Ён абверг інфармацыю, што 80% беларусаў выступаюць супраць ядзернай зброі. Відавочна, непрыемна гэта ўсьведамляць. Ствараецца ўражаньне, што гэтае пытаньне для яго хутчэй праблема, чым палітычны посьпех. Таму лепш мінімізаваць такую далікатную тэму.

Важна зафіксаваць тое, чаго не было ў пасланьні. Лукашэнка амаль нічога не казаў пра ролю Беларусі ў расейскай агрэсіі. Таксама сарамліва апраўдваўся за прысутнасьць расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Спрабаваў даказваць, што гэта не абмяжоўвае сувэрэнітэту Беларусі.

З супярэчлівых выказваньняў Лукашэнкі можна зрабіць выснову, што адыходзіць ад улады ён не зьбіраецца. І тлумачыў гэта тым, што, маўляў, ворагі хочуць, каб Лукашэнка сышоў, таму ён зробіць наадварот. І да таго ж зь ягоных дзяцей і прыхільнікаў будуць зьдзекавацца, калі яго ня будзе. І ўвогуле, народ павінен вырашыць, хто будзе прэзыдэнтам. Уласна, нічога нечаканага: падобнае ён заяўляў перад кожнай выбарчай кампаніяй на працягу апошніх амаль трыццаці гадоў.

Прагучала некалькі мэсыджаў у пытаньнях унутранай палітыкі і ідэалёгіі. Напрыклад, «плюралізм — гэта даніна заходняй модзе, партыі падзяляюць людзей». То бок, на ўзроўні тэорыі адкідаецца ідэя дэмакратыі. Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ня будзе і партыі ўлады. Што патлумачыла ягоную адсутнасьць на зьезьдзе «Белай Русі».

Жорстка была заяўлена, што беларуская ідэнтычнасьць грунтуецца на праваслаўі, а гістарычную памяць трэба інтэграваць у канцэпт «рускага сьвету».

Таксама Лукашэнка намякнуў, што на парадку дня пытаньне пра рэпрэсіі адносна родзічаў «зьбеглых» і канфіскацыю іх маёмасьці.

Увогуле, Лукашэнка прадэманстраваў, што ня дужа рыхтаваўся да пасланьня. Напрыклад, спачатку прачытаў нейкі тэзіс, а потым пакрытыкаваў сваіх сьпічрайтэраў за тое, што яго ўнесьлі ў тэкст.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG