У Літве ўжо знойдзена 10 з 25 мэтэаралягічных зондаў, якія заляцелі зь Беларусі ў ноч на 5 кастрычніка, паведамляе інфармацыйнае агенцтва BNS з спасылкай на кіраўніка Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызісамі Вілмантаса Віткаўскаса.
Службовец, якога цытуе партал LRT, паведаміў, што затрыманыя асобы, якія, мяркуецца, накіроўваліся забраць кантрабандныя цыгарэты, дастаўленыя на аэрастатах. Шукаюць арганізатараў.
Паводле зьвестак Віткаўскаса, у ноч на 6 кастрычніка прылёту новых балёнаў зь Беларусі ў Літву не зафіксавана.
У ноч на 5 кастрычніка ў Літву і Польшчу заляцела не менш як 26 паветраных балёнаў з цыгарэтамі. Адзін зь іх упаў на польскай тэрыторыі, астатнія апынуліся на літоўскай. Аэрастаты, якія на той момант знайшлі ў Літве, былі загружаныя тытунёвымі вырабамі.
Паводле прадстаўніка цэнтру кіраваньня крызісамі Даруса Буты, якога цытуе агенцтва BNS, паветраныя балёны прыляцеі зь Беларусі. У Вільні і Віленскім раёне заўважылі 13-14 балёнаў, два зь іх над Віленскім аэрапортам.
Праз гэта працу аэрапорту былі прыпынілі. Адны рэйсы адклалі, іншыя скасавалі. Сытуацыя закранула прыкладна 30 рэйсаў і амаль 6 тысяч пасажыраў. Паветраны рух аднавілі а 4:50 раніцы.
Раней супрацоўнік Дзяржаўнай памежнай службы (VSAT) Гедрус Мішуціс паведаміў BNS, што ўначы памежнікі выявілі сем мэтэаралягічных балёнаў — у Салечніцкім, Аранскім, Друскеніцкім, Віленскім і Лазьдзейскім раёнах. Балёны пераносілі 12 000 пачкаў цыгарэт.
Падобная колькасьць балёнаў з кантрабандай была зафіксаваная ў жніўні. Тады іх было 26.