Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня думаю, што Недасекаў паедзе на Алімпіяду». Тлумачым, што за рашэньне прыняў МАК пра беларускіх спартоўцаў


Максім Недасекаў, бронзавы мэдаліст Алімпіяды ў Токіё, архіўнае фота
Максім Недасекаў, бронзавы мэдаліст Алімпіяды ў Токіё, архіўнае фота

Выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэту 28 сакавіка разглядаў сытуацыю з допускам ці нядопускам беларускіх і расейскіх спартоўцаў да міжнародных спаборніцтваў, у тым ліку Алімпіядаў.

Што вырашыў МАК

«Мы ня зможам прыдумаць рашэньне, якое задаволіць усіх», — сказаў прэзыдэнт МАК Томас Бах.

У выніку МАК прыняў шэраг такіх пастановаў: спартоўцы зь беларускім і расейскім пашпартам змогуць удзельнічаць толькі пад нэўтральным сьцягам, гэта тычыцца толькі індывідуальных атлетаў, але не каманды. У гульнявых відах удзел забаронены па-ранейшаму. Таксама ня змогуць выступаць атлеты, якія падтрымліваюць вайну і якія служаць ва Ўзброеных сілах Беларусі і Расеі. МАК рэкамэндаваў фэдэрацыям асобных відаў спорту вярнуць беларускіх і расейскіх спартоўцаў да спаборніцтваў у нэўтральным статусе.

Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне ў 2022 годзе большасьць спартовых фэдэрацый адхілілі беларускіх спартоўцаў ад удзелу ў турнірах. Выключэньнем сталі футбол (зборная выступае ў адборы да Эўра-2024, а клюбы ў эўракубках), тэніс (хаця не дапусьцілі да ўдзелу ва Ўімблдонскім турніры), а таксама некаторыя іншыя віды.

Рашэньне МАК раскрытыкавалі прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі, міністар унутраных спраў Нямеччыны Нэнсі Фэйзэр.

«Мы па-ранейшаму сур'ёзна занепакоеныя прамымі сувязямі расейскіх і беларускіх алімпійцаў і паралімпійцаў з войскам і спэцслужбамі сваіх краін, а таксама правапрымяняльнымі мэханізмамі МАК, якія не былі згаданыя ў апублікаваных навінах», — сказаў прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША Вэдант Патэль.

«Пазыцыя Баха стала непрыемным сюрпрызам»

«Пазыцыя Томаса Баха стала непрыемным сюрпрызам. Ён прыяжджаў да нас ва Ўкраіну, бачыў зьверствы ў Бучы і Ірпяні. Відаць, для яго гэтага недастаткова. Не выключаю, што спрацавала прарасейскае лобі і ў фэдэрацыях, і ў МАК», — сказала Свабодзе былая ўкраінская лёгкаатлетка, скакуха ў даўжыню, а цяпер дэпутатка Вярхоўнай Рады ад партыі «Слуга народу» Вольга Саладуха.

Яна называе прынятыя МАК рашэньні «паўмерамі, якія пакідаюць прыадчыненымі дзьверы» для беларускіх і расейскіх атлетаў.

«Мы ведаем, што ёсьць беларускія спартоўцы, якія ў 2020 годзе пайшлі супраць рэжыму Лукашэнкі. Мне хацелася б, каб такія спартоўцы, якія падтрымалі Ўкраіну і асуджаюць рэжымы Лукашэнкі і Пуціна, падпісалі Антываенную дэклярацыю, выступалі на Алімпіядах. Але ці пад сьцягам МАК, ці пад сьцягам уцекачоў», — кажа былая спартоўка.

На яе погляд, на сёньня немагчымае вяртаньне Беларусі як краіны на спаборніцтвы. Украінская дэпутатка падкрэсьлівае, што пра гэта можна будзе гаварыць толькі пасьля сканчэньня вайны і вяртаньня Ўкраіны ў межы 1991 году.

«За год ва Ўкраіне загінулі 262 спартоўцы, больш за 3 тысячы пайшлі ў войска. Разбурана спартовая інфраструктура, спартоўцам нават няма дзе трэнавацца. Я не ўяўляю, як будзе адбывацца супрацьстаяньне ўкраінцаў і расейцаў у кантактных відах — фэхтаваньні, барацьбе, боксе. Гэта будуць бойкі на выжываньне, і гарантый бясьпекі тут ніхто не дае».

Што тычыцца беларускіх праўладных атлетаў, такіх як Максім Недасекаў і Анастасія Мірончык-Іванова, то Саладуха лічыць, што іх не дапусьцяць да Алімпіяды.

«Па-першае, у Фэдэрацыі лёгкай атлетыкі адназначная пазыцыя не дапускаць расейцаў і беларусаў. Па-другое, калі пачалася вайна, то яны скідвалі шмат нэгатыўнай інфармацыі ў сацыяльныя сеткі, нашы спартоўцы гэта скрынілі. Я спадзяюся, гэтыя людзі трапяць у санкцыйны сьпіс і іх ня будзе дакладна», — расказвае Вольга Саладуха.

Хто мае кантракты зь Мінабароны

На сайце Міністэрства абароны Беларусі ёсьць сьпіс спартоўцаў, якія маюць кантракты зь ведамствам.

У пераліку ёсьць скакун у вышыню Максім Недасекаў, які актыўна падтрымлівае Лукашэнку і рэпрэсіі ў Беларусі. Ён мае званьне малодшага сяржанта.

Кантракт зь Міністэрствам абароны маюць вядомая біятляністка Дынара Алімбекава, барацьбіт Аляксандар Гуштын, стралкі Віталь Бубновіч і Юры Шчарбацэвіч, вясьляркі Марына Літвінчук і Надзея Папок і многія іншыя.

Паводле новых рэкамэндацый МАК, ніхто зь іх ня зможа ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG