Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спачатку з войска вычысьцілі нацыяналістаў, потым іх сяброў». Вялікая гутарка з заснавальнікам «Белага легіёну» Сяргеем Бульбам. ВІДЭА


 Сяргей Бульба
Сяргей Бульба

Былы вайсковец, адзін з стваральнікаў «Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў», заснавальнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба цяпер жыве між Украінай, Польшчай і Літвой. У размове са Свабодай ён падзяліўся тым, што адбываецца ў войску ў Беларусі і ў беларускіх вайсковых фармаваньнях ва Ўкраіне.

Поўную вэрсію інтэрвію глядзіце на ютуб-канале «Радыё Свабода».

«Лукашэнка зачышчае ўсё, што здольна быць арганізаваным»

— У «Белага легіёну» заўжды было шмат сваіх крыніц у сілавых структурах Беларусі. Ці засталіся яны сёньня? Калі так, то пра што гавораць людзі? Якія адносіны да вайны ва Ўкраіне?

— Па нашай інфармацыі, сёньня па Міністэрстве абароны каля 10 чалавек праходзяць па крымінальнай справе за «Здраду дзяржаве».

— Адкуль у вас такія зьвесткі?

— Адтуль жа. Пад здрадай іх дзяржаве найчасьцей маецца на ўвазе, калі людзі даюць інфармацыю камусьці збоку. Нядаўна прайшла інфармацыя пра затрыманьне нампаліта з «стодваццаткі» (маецца на ўвазе намесьнік камандзіра 310-й групы артылерыі па ідэалягічнай рабоце 120-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгады гвардыі падпалкоўнік Антон Чарамных. — РС), я вельмі баюся, каб ён ня стаў рытуальнай ахвярай. Ім трэба прымяніць сьмяротнае пакараньне за здраду дзяржаве паводле новага заканадаўства, паказаць, што яны сурʼёзныя. І гэтага чалавека могуць расстраляць, каб запалохаць усіх астатніх.

Сяргей Бульба, 2023
Сяргей Бульба, 2023

А запалохваньне — гэта факт. З унутранага я скажу так: яшчэ паўгода таму каля 30% афіцэраў сілаў апэратыўнага рэагаваньня былі ўпэўненыя, што добра падрыхтаваныя і могуць ваяваць. Усе астатнія разумелі: «Вайна — ды ну яе нафіг. Ня дзеля таго мы ў вайсковыя вучэльні паступалі, каб ваяваць». Апошнім часам тэндэнцыі мяняюцца вельмі сурʼёзна. Ваяваць ужо ня хоча ніхто.

— Ёсьць адчуваньне, што ідзе татальная зачыстка войска ад усяго беларускага. Гэта так?

— Лукашэнка зачышчае ўсё, што здольна быць арганізаваным. Яму пофіг на тое, якая ідэя. Ён чамусьці лічыць, што Вальфовіч і Карпянкоў больш адданыя яму, а ня «русскому миру». Мне здаецца, што Лукашэнка спрабуе знайсьці той электарат, які будзе бараніць ягоную БССР 2.0. Яны разагналі нацыяналістаў, якія былі б гатовыя бараніць Беларусь, а цяпер шукаюць, хто гатовы ваяваць за «родзіну» і Лукашэнку.

— А з кім ваяваць: з Расеяй ці з NATO?

— Па-мойму, ён дапускае варыянт, што з Расеяй. З аднаго боку, Масква паставіла свайго загадчыка на гаспадарку, а зь іншага — яму вельмі спадабалася гэта ўсё. Яму няма куды ўцякаць, Беларусь для яго адзіны фарпост.

«Спачатку вычысьцілі нацыяналістаў, потым іх сяброў»

— Якая імавернасьць таго, што Беларусь уступіць у вайну?

— Лукашэнка цудоўна разумее: калі ён увядзе войскі ва Ўкраіну, то ўключацца зусім іншыя пратаколы. Будуць магчымыя забурэньні сярод беларускіх сілавікоў, калі з Украіны пойдуць «двухсотыя» (забітыя. — РС). Нават сярод гэтых сто разоў зачышчаных і перачышчаных могуць зьявіцца тыя, хто возьме на сябе ініцыятыву. Пуцін гэта таксама разумее. У нас часта прынята гаварыць, што Пуцін цісьне на Лукашэнку, каб ён уступіў у вайну, але дзе хоць адно гэтаму пацьверджаньне?

— Чаму ў Беларусі войска, Міністэрства абароны не зьяўляецца элітай сілавых структур, як у многіх іншых краінах сьвету?

— Толькі цягам апошняга году ў нашым грамадзтве ўпершыню ўспомнілі, што існуе Міністэрства абароны. Ад пачатку 2000-х чым ніжэй апускалі Мінабароны, тым вышэй падымалі ўнутраныя войскі (у падпарадкаваньні МУС. — РС). Узурпатар разумеў, што яго трону пагражае свой народ, а ня хтосьці звонку. Таму найлепшае забесьпячэньне ішло міліцыі, унутраным войскам. Толькі вайна ва Ўкраіне прымусіла ўспомніць пра Мінабароны.

Сяргей Бульба, 2023
Сяргей Бульба, 2023

Таксама скажу, што вайсковая контравыведка ў нас заўсёды традыцыйна належала ўсходняму суседу. У часы позьняга БЗВ (Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў. — РС) мы гублялі праз гэта кучу талковых афіцэраў. Я памятаю нашага маёра паветранай абароны з Воршы. Ніводнага спагнаньня, выдатны служака, але не заключаюць кантракт. Мы праз свае сувязі вязём яго справу ў іншую брыгаду: возьмеце? Ну, канечне, возьмем, мае алькаголікі мяне задралі, адказваюць. Ён толькі пачынае афармляць, даходзіць наверх — і зноў зарубаюць. Намесьнік міністра кажа, што гэта загад контравыведкі.

Яны спачатку вычысьцілі ўсіх нацыяналістаў, потым іх сяброў, а ў трэцюю чаргу — вычышчаюць расейцаў, якія тут 20–30 гадоў пражылі і на мясцовым сале сталі «тутэйшымі». Нават сярод іх вылічалі тых, хто здольны да аналізу і самастойных рашэньняў. У 2014 годзе ў нас была сустрэча з аднагрупнікамі, бо было 25 гадоў, як мы атрымалі званьне лейтэнанта. Былі і з Расеі хлопцы, і з Украіны, большасьць — беларусы. Беларусы адрозьніваліся тым, што, здавалася, у іх блёк, які адказвае за прыняцьце рашэньняў, выдраны з коранем. На мае пытаньні, ці разумеюць, што мы наступныя пасьля Ўкраіны, адказвалі: «Ай, Сярога, ня сцы, зьверху парашаюць і разьбяруцца». Адмоўная сэлекцыя, яны мала што рашаюць. Войска ператварылася ў параднае. Для парадаў, тэрыторыю прыбраць, ня больш.

— Адэкватныя афіцэры застаюцца?

— Застаюцца. Але носьбітаў яркага духу ня так шмат. Тым ня менш я спадзяюся, што калі Лукашэнка ўцягне ў вайну Беларусь, то знойдуцца людзі, якія маюць дух. А на самы верх дапускаюць самых адбітых. Сытуацыя: прыяжджае генэрал зь міністэрства ў Марʼіну Горку, здавалася б, дэсантура. І гэты пʼяны генэрал пачынае пры асабовым складзе казаць камандзіру часткі: «Полковник, я чё, сам дверь в туалет буду открывать? Ну-ка, блин!». І цяпер гэты чалавек бегае дэпутатам (маецца на ўвазе дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Белаконеў. — РС).

«У палку Каліноўскага магло б быць 3 тысячы чалавек»

— Сяргей, у СМІ вы часам з сарказмам ці іроніяй выказваецеся наконт палку Каліноўскага. Вы ня лічыце іх рэальнай сілай?

— Не з сарказмам. Я хутчэй са шкадаваньнем. Калі б там у штабе былі людзі з мазгамі, то там магло б быць ужо 3 тысячы чалавек, і мы маглі б падрыхтаваць вызвольнае войска. Але ў штабе сабраліся тыя, для каго гэта, прабачце, бізнэс. У 2014 годзе зьявіўся атрад «Пагоня», гэта быў мэдыйны праект, але на справе яго фактычна не было. І людзям гэта спадабалася, на іх зьбіралі данаты, дапамогу. А ў 2022 годзе людзі са штабу не былі гатовыя, што прыедзе так шмат ахвотных. У штабе павінны быць людзі з афіцэрскімі мазгамі. Нездарма чалавека пяць гадоў вучаць на афіцэра. А там аказаліся хлопцы, якія толькі пару разоў у Марʼінку зьезьдзілі. Калі ў цябе куля тры разы над галавой праляціць, то вялікім стратэгам ты ня станеш. З гэтага магло б атрымацца нешта сурʼёзнае і цікавае. А ад цяперашняга выкананьня такога ўражаньня няма. Шмат хто звольніўся і расчараваўся. Там шмат клясных, патрыятычных хлопцаў. Пытаньне, што са штабу трэба вычысьціць пару «гаў...мутаў».

Сяргей Бульба, 2023
Сяргей Бульба, 2023

— Чаму ў вас ня склалася супрацоўніцтва з Валерам Сахашчыкам?

— На пачатку вайны мы — я разам са сваімі добрымі ўкраінскімі знаёмымі-чыноўнікамі — зрабілі пакет дакумэнтаў на батальён «Беларусь» пры прэзыдэнце Ўкраіны. І я ўжо быў гатовы запрасіць туды частку нашых афіцэраў, гадаванцаў «Белага легіёну». І яны былі гатовыя прыехаць. Але тут абʼявіўся Валер Сахашчык, і я па сваёй наіўнасьці выбудаваў схему, што «каліноўцы» — гэта фактычна «Правы сэктар», і афіцэраў зь іх асабліва ня выгадуеш, а з Сахашчыкам калі мы разам нешта абвесьцім, то атрымаецца цікавая сынэргія: з намі будуць і нацыянальна арыентаваныя афіцэры, і БССР-аўскія, якія прыйдуць за Сахашчыкам. Але потым пачалася штурханіна, аднаго не падпусьцілі, іншага выштурхалі. Сахашчык з Пракопʼевым, на маю думку, якраз і завалілі «Пагоню». Я таксама за гэты праект перажываў і шмат энэргіі аддаваў. Проста чалавечы фактар даў сябе знаць. Вадзіму Пракопʼеву падабалася быць камандзірам, і ўсіх, каго не маглі пераварыць, выштурхоўвалі.

Сахашчык можа стаць героем, выбітнай асобай унутры сыстэмы, але змагацца з сыстэмай — гэта крытычна не яго. Пасьля фота Сахашчыка з Залужным я спадзяваўся, што Залужны ўмантуе яго ў сыстэму, дзе Сьцяпанавічу дазволяць стаць героем. Але так не працуе, бо Ўкраіна — своеасаблівая краіна. Нават загад Залужнага там можа нічога ня значыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG