Музыку Фёдара Чаранкова арыштавалі на 15 дзён, паведамляе BY_culture.
Чаранкоў — вакаліст мазырскага гурту «Ня Варта», муж палітзьняволенай вакалісткі Крысьціны Чаранковай. Падчас яго затрыманьня 22 сакавіка сілавікі выламалі дзьверы ў кватэру.
Раней на 5 дзён арыштавалі Мікалая Пышніка, мужа палітзьняволенай прадстаўніцы андэграўднай сцэны Мазыра Ганны Пышнік (Чымпаеш). Мікалая арыштавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» падчас «зачысткі» ў Гомельскай вобласьці.
За ўдзел у маршы асудзілі па фота з Instagram, дзе хлопец у майцы з Пагоняй. Суд пастанавіў футболку зьнішчыць
15 лютага ў судзе Ленінскага раёну Менску за ўдзел у акцыі пратэсту 16 жніўня 2020 года асудзілі 23-гадовага Міхаіла Кандратовіча, паведамляюць праваабаронцы.
Міхаіла абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК у тым, што ён, «выкарыстоўваючы ў якасьці пратэставага сымбаля палатно бел-чырвона-белага колеру, футболку белага колеру зь гербам Пагоня, стаяў і рухаўся па праезнай частцы дарогі і паблізу праспэкта Незалежнасьці, пляскаў у далоні, блякаваў рух транспартным сродкам, у выніку чаго вышэйпаказаныя дзеяньні пацягнулі парушэньне працы транспарту ў Менску».
Падставай для затрыманьня і асноўным доказам у справе стаў фатаздымак са старонкі ў інстаграме Міхаіла. На ёй зафіксаваны ўдзельнікі акцыі, якія трымаюць над галавой нацыянальны сьцяг Беларусі, а сярод іх Міхаіл у майцы з Пагоняй.
У выніку судзьдзя Юлія Шчоткіна прызначыла Міхаілу 2,5 года «хатняй хіміі». Да суду хлопца ўтрымлівалі пад вартай, пасьля прысуду яго адпусьцілі. Майку з Пагоняй, якая праходзіла ў справе як рэчавы доказ, судзьдзя пастанавіла зьнішчыць.
Мужчыну, якога вінавацілі ў напісаньні 860 пратэставых камэнтароў, асудзілі на год калёніі
У судзе Кобрыні і Кобрынскага раёну вынесьлі прысуд палітвязьню Міхаілу Кухарчуку. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу і пакаралі годам калёніі агульнага рэжыму. Прысуд вынесла Ала Богнат. Суд адбываўся ў будынку кобрынскага РАУС.
Раней мужчыну вінавацілі ў напісаньні 860 пратэставых інтэрнэт-каментароў.
Былога прэсавага сакратара Купалаўскага тэатру Мікалая Зайца другі раз запар пакаралі арыштам
Яго затрымалі раніцай 13 сакавіка. Тады на яго склалі пратакол паводле арт. 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства») і арыштавалі на 12 содняў.
25 сакавіка Заяц меўся выйсьці на волю па заканчэньні тэрміну, але яго зноў затрымалі. Сёньня над ім адбыўся чарговы суд. Вынік — 14 содняў адміністрацыйнага арышту. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал праваабарончага цэнтру «Вясна». https://t. me/viasna96/18165
Заяц працаваў прэсавым сакратаром Купалаўскага тэатру са жніўня 2020 году. У сакавіку 2021 года яго звольнілі з тэатру.
Кацярына Шуст на волі
Выйшла на волю горадзенская прадпрымальніца Кацярына Шуст. Дзяўчыну затрымалі 16 сакавіка — на «пакаяльным» відэа па-беларуску Кацярына «прызнаецца» ў тым, што ў сваіх сацсетках распаўсюджвала «экстрэмісцкія» матэрыялы, а таксама нібыта прайшла рэгістрацыю ў чат-боце пляну «Перамога».
Пазьней стала вядома, што яе арыштавалі на 10 дзён.
Футбаліста затрымалі на трэнаваньні
Наўпрост на трэнаваньні адбылося затрыманьне паўабаронцы клюба «Макслайн», які сёлета пераехаў з Рагачова ў Віцебск. Як адзначае «Трыбуна», спачатку партнэры Цімафея Лукашэвіча падумалі, што гэта розыгрыш нявесты гульца, якая працуе ў забаўляльным бізнэсе. Аднак неўзабаве высьветлілася, што сілавікі затырмалі і яе. Абаім прысудзілі па 10 сутак арышту, падрабязнасьці невядомыя. Футбольны клюб адносна дэталяў візыту сілавікоў маўчыць.