Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў у сваім твітэры пракамэнтаваў заяву Ўладзіміра Пуціна аб падрыхтоўцы сховішча для тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
«Заява Пуціна пра разьмяшчэньне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі — крок да ўнутранай дэстабілізацыі краіны — максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна. Крэмль узяў Беларусь у ядзерныя закладнікі».
Пуцін 25 сакавіка заявіў, што сховішча дабудуюць 1 ліпеня сёлета.
Па словах Пуціна, Аляксандр Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю.