Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве зацьвердзілі перайменаваньне адной з вуліц у гонар беларускага пісьменьніка Караткевіча


Беларускі пісьменьнік Уладзмір Караткевіч. Архіўнае фота
Беларускі пісьменьнік Уладзмір Караткевіч. Архіўнае фота

Ініцыятар перайменаваньня ўкраінскі літаратар Вячаслаў Лявіцкі спадзяецца, што зьяўленьне такога тапоніма «нівэлюе, бадай, частку непаразуменьняў між украінцамі і беларусамі, якія супрацьстаяць дыктатуры».

Кіеўская гарадзкая рада зацьвердзіла прапановы экспэртнай камісіі і грамадзкасьці перайменаваць вуліцу Дабралюбава ў Пячорскім раёне ў гонар беларускага пісьменьніка Ўладзіміра Караткевіча.

Такое перайменаваньне летась ініцыяваў украінскі літаратар і перакладчык Вячаслаў Лявіцкі, які займаецца вывучэньнем біяграфіі і творчасьці Ўладзіміра Караткевіча. Пазьней гэтую ініцыятыву ў часе грамадзкага галасаваньня падтрымалі і жыхары сталіцы.

Вячаслаў Лявіцкі
Вячаслаў Лявіцкі

«Караткевіч — постаць, важная для горада. Культавы беларускі пісьменьнік, зь юнацтва агаломшаны прыгажосьцю Кіева, здолеў неймаверна тонка і арыгінальна адлюстраваць сталіцу Ўкраіны. Такіх захопленых урбаністаў у нас мала», — сказаў Вячаслаў Лявіцкі, камэнтуючы рашэньне кіеўскіх уладаў.

Украінскі літаратар нагадаў, што Ўладзімір Караткевіч скончыў Кіеўскі ўнівэрсытэт і сябраваў з украінскім шасьцідзясятнікамі. «Урэшце, тут дзякуючы атмасфэры ён зразумеў, што беларуская культура патрабуе драйву, бескампраміснасьці, гістарычных сюжэтаў, адлюстраваных у яскравых пэрсанажах і пэрыпэтыях. І што галоўнае: Караткевіч здолеў прабачыць Кіеву асабістыя драмы, у прыватнасьці зламаную навуковую кар’еру», — адзначыў ён.

Вячаслаў Лявіцкі паведаміў, што імя Ўладзіміра Караткевіча атрымала невялікая калярытная вуліца на Пячорску.

«Сам Караткевіч называў гэты раён любімым. Уражаньні ад маляўнічай Цялічкі (гістарычная мясцовасьць у Кіеве, прамысловая зона. — РС), дзе ў 1940-я можна было проста сустрэць чарапах, аўтар выразна апісаў у мэмуарнай эсэістыцы. У той жа мясцовасьці адбываюцца кульмінацыйныя падзеі „Каштанавага лісьця“», — расказаў украінскі дасьледчык біяграфіі Караткевіча.

«Урэшце, ёсьць яшчэ адна важная дэталь. Як сказаў мне Сяргей Сьніжко, сын аднакурсьніцы і блізкай сяброўкі пісьменьніка, перайменаваная вуліца адпавядае характару Караткевіча — чалавеку, які не любіў хадзіць прамымі і лёгкімі шляхамі», — адзначыў Вячаслаў Лявіцкі.

Украінскі літаратар спадзяецца, што зьяўленьне такога тапоніма «нівэлюе, бадай, частку непаразуменьняў між украінцамі і беларусамі, якія супрацьстаяць дыктатуры».

«Хачу, каб гэтае перайменаваньне стала сьведчаньнем павагі і ўдзячнасьці палку імя Кастуся Каліноўскага, беларускім партызанам і ўсім вольных духам беларусам, якія знаходзяць магчымасьць дапамагаць украінцам. Але найперш яно мусіць нам нагадаць: Кіеў ня горад „белай гвардыі“. Кіеў — горад, які абуджае гістарычную памяць, адчай і інтэлектуальную мужнасьць, а яшчэ — любоў да Ўкраіны. Годнасьць, як у выпадку герояў Караткевіча і самога пісьменьніка», — падкрэсьліў Вячаслаў Лявіцкі.

Украінскі літаратар паведаміў, што зьяўленьне вуліцы Караткевіча ў Кіеве было ягонай наймацнейшай марай у апошнія гады.

З 24 лютага 2022 году, калі Расея ўварвалася ва Ўкраіну, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі, ва Ўкраіне пачалі пераймяноўваць усе вуліцы, назвы якіх былі зьвязаныя з Расеяй і Беларусьсю. Адначасова ва ўсіх гарадах Украіны пачалі зносіць помнікі, пастаўленыя расейскім дзеячам і літаратарам.

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дало вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Разам з тым у некалькіх гарадах Украіны мясцовыя рады перайменавалі вуліцы ў гонар Кастуся Каліноўскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG