У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі прагназуюць, што ў наступныя тыдні тысячы расейскіх асуджаных, якія ваявалі ў складзе прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК) «Вагнэр», будуць памілаваныя і вызваленыя.
«Хоць прыкладна палова завэрбаваных зьняволеных, пэўна, загінулі або атрымалі раненьні, зьвесткі з Расеі сьведчаць аб тым, што ПВК выконвае сваё абяцаньне вызваліць тых, хто выжыў. Пасьведчаньні, выдадзеныя вызваленым вэтэранам-вагнэраўцам, нібыта зацьвердзіў сваім указам Пуцін», — адзначаюць брытанскія выведнікі.
У выведцы Вялікай Брытаніі нагадалі, што пік вэрбаваньня вязьняў прыпаў на восень 2022 году, калі асуджаным абяцалі скасаваць выракі праз паўгода службы ў ПВК.
«У сувязі з тым, што „Вагнэру“ цяпер, імаверна, забаронена вэрбаваць асуджаных, гэты адток пагоршыць праблемы з асабовым складам ПВК. З другога боку, масавае вызваленьне асуджаных за цяжкія злачынствы, якія маюць баявы досьвед, стане сур’ёзнай праблемай для расейскага грамадзтва», — адзначае вайсковая выведка Вялікай Брытаніі.
Інстытут вывучэньня вайны: найбольшыя страты ПВК «Вагнэр» нясе пад Бахмутам
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) зьвяртаюць увагу на складанасьці, зь якімі сутыкнулася ПВК «Вагнэр» з аднаўленьнем сваіх сіл пасьля вялікіх стратаў пад Бахмутам. Кіраўніцтву кампаніі не дазволілі перавезьці свае падразьдзелы з замежжа ва Ўкраіну.
Паводле справаздачы ISW, гэта можа сьведчыць аб тым, што Міністэрства абароны Расеі перашкаджае аднаўленьню вайсковага патэнцыялу ПВК ва Ўкраіне, але пры гэтым захоўвае яе ролю за мяжой.
Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны адзначылі нязначныя посьпехі расейскай арміі ў Бахмуце і ягоных ваколіцах. Адначасова расейцы павялічылі тэмп баявых дзеяньняў пад Аўдзееўкай, спадзеючыся яе атачыць, але панесьлі вялікія страты. У ISW мяркуюць, што расейскія сілы ня змогуць захаваць дынаміку распачатых атак.
«Расейскія войскі, магчыма, актывізуюць намаганьні, каб дасягнуць хаця б нязначных посьпехаў, перш чым яны страцяць ініцыятыву ва Ўкраіне. Застаецца магчымасьць таго, што прасоўваньне Расеі можа прымусіць Украіну выйсьці з Бахмуту ці Аўдзееўкі, хоць цяпер малаімаверна і першае, і другое», — перакананыя ў Інстытуце вывучэньня вайны.
Жорсткія баі за Бахмут ідуць два месяцы
Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр паведаміла, што на гэтым тыдні спаўняецца два месяцы ад моманту абвастрэньня баёў за Бахмут.
«Ніхто ня верыў, што ва ўмовах настолькі інтэнсіўных атак ворага можна ўтрымаць горад больш як тыдзень, максымум двух. Але дзякуючы мужнасьці і гераізму тысяч нашых воінаў, а таксама ўмеламу кіраўніцтву нашых генэралаў і афіцэраў, абарона Бахмута трымаецца і магчымасьці яшчэ ня вычарпаныя», — заявіла Ганна Маляр.
Расейская армія ўжо год намагаецца выйсьці на адміністрацыйныя межы Данецкай і Луганскай абласьцей, але дасягнуць гэтай мэты пакуль ня можа.
Але, як сьцьвярджаюць у Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны, расейцы не зьніжаюць тэмпаў сваіх наступальных дзеяньняў на пяці кірунках у гэтым рэгіёне: ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім, мар’інскім і шахтарскім. За апошнія содні, украінцы адбілі ў Данецкай і Луганскай абласьцях 120 атак.
У паведамленьнях Міністэрства абароны Расеі таксама згадваюцца гэтыя кірункі як асноўныя, дзе трываюць інтэнсіўныя баі. Аднак інфармацыя аб тым, што расейскія войскі прасунуліся, пакуль адсутнічае.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.