Мэр Вашынгтона Мюрыэл Боузэр афіцыйна аб’явіла 25 сакавіка 2023 году Днём Волі Беларусі. Пра гэта паведаміў у Твітэры Франак Вячорка, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай.
У заяве мэра Вашынгтона падкрэсьліваецца, што сьвяткаваньне Дня Волі «спрыяе прасоўваньню і захаваньню багатай гісторыі, мовы і культуры беларусаў у Вашынгтоне, акрузе Калюмбія, і ва ўсёй беларускай дыяспары», а веданьне беларускіх традыцыяў і звычаяў «умацоўвае сацыяльную структуру нашай шырокай супольнасьці, і робяць значны ўнёсак у жыцьцяздольнасьць і сацыяльную разнастайнасьць акругі Калюмбія».
«Падтрымка незалежнасьці, дэмакратыі і свабоды ў Беларусі адпавядае нашым каштоўнасьцям абароны правоў чалавека, дэмакратычнага самакіраваньня і захаваньня права на самавызначэньне», — падкрэсьлівае Боўзэр.
Мэр Вашынгтона ўжо другі год запар абвяшчае 25 сакавіка Днём Волі Беларусі, першы раз Дзень Волі ў Вашынгтоне сьвяткавалі ў 2022 годзе.
Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская 21-28 сакавіка зьдзейсьніць візыт у ЗША і прыме ўдзел у мітынгу ў Вашынгтоне, прысьвечаным Дню Волі. Яна заклікала адзначыць 25 сакавіка, у 105-я ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, Міжнародны дзень салідарнасьці зь Беларусьсю.