25 сакавіка а 15-й гадзіне ў Коўне на Петрашунскіх могілках палітыкі, навукоўцы, бізнэсоўцы, грамадзкія і культурныя дзеячы ўшануюць памяць Кляўдуша Дуж-Душэўскага. Ён аўтар эскіза нацыянальнага беларускага бел-чырвона-белага сьцяга, аднаго з сымбаляў абвешчанай 105 год таму Беларускай Народнай Рэспублікі.
Грошы сабралі праз сацыяльныя сеткі. Адзін чалавек ахвяраваў 800 эўра
Ініцыятаркай рэканструкцыі надмагільля стала кіраўніца суполкі «Коўна беларускае» Ніка Выгоўская, якая два гады таму пераехала ў Коўна на сталае жыхарства.
«У 2021 годзе перад Дзядамі я пачала расшукваць магілы вядомых беларускіх дзеячоў у Коўне, у горадзе, які прытуліў нас, палітычных уцекачоў. І пошукі прывялі нас зь сябрамі на могілкі, дзе быў пахаваны Кляўдуш Дуж-Душэўскі. Магіла выглядала дагледжанай, каля надмагільнага помніка нават ляжалі рэшткі белых і чырвоных кветак. Але нас зьдзівіла, што на надмагільлі такой выбітнай беларускай асобы няма надпісу на беларускай мове. Я зьвярнулася ў шэраг арганізацый, якія агулам ухвалілі такую ініцыятыву, але вылучыць сродкі на яе рэалізацыю не змаглі. І мы абвясьцілі пра збор сродкаў у сацыяльных сетках. Меркавалі сабраць 2,5 тысячы эўра».
Ніка Выгоўская прызнаецца: не чакала, што за даволі кароткі час будзе сабрана нават больш — 3 тысячы эўра. Самае вялікае ахвяраваньне — 800 эўра — ад адной прыватнай асобы.
«Вельмі цешыць, колькі шчырых беларусаў нас падтрымала»
Да ініцыятывы далучыліся і шмат неабыякавых беларусаў, у тым ліку і Зьміцер, які сур’ёзна зацікавіўся асобай Дуж-Душэўскага і дзейнасьцю Рады БНР.
«Я таксама быў зьбянтэжаны, калі пабачыў, што на шыльдзе няма надпісу на беларускай мове. Да таго ж высьветліў шмат цікавых фактаў зь біяграфіі Дуж-Душэўскага. Напрыклад, што ён быў арыштаваны агулам 5 разоў — польскай, савецкай (тройчы) і нямецкай уладаю — і ў суме правёў у зьняволеньні каля 10 гадоў.
Дагэтуль у Літве засталося шмат будынкаў, узьведзеных па яго праектах. Я лічу, што Дуж-Душэўскі бачыў агульную будучыню ў Літвы і Беларусі. Ён заставаўся беларусам усё жыцьцё.
Гэта падштурхнула мяне далучыцца да рэканструкцыі надмагільля. І вельмі цешыць, калі бачу, колькі шчырых беларусаў нас падтрымала», — кажа беларус Зьміцер, які цяпер жыве ў Коўне.
Хто такі Кляўдуш Дуж-Душэўскі
Кляўдуш Дуж-Душэўскі нарадзіўся ў 1891 годзе ў Глыбокім. Вучыўся ў Пецярбурскім горным інстытуце. У 1917 годзе распрацоўвае праект нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцяга, які прымаецца як эталён.
З восені 1919 году быў дыпляматычным прадстаўніком ураду БНР у дзяржавах Балтыі, а таксама займаў пасаду дзяржаўнага сакратара ўва ўрадзе Вацлава Ластоўскага. У 1921 годзе пераяжджае ў Літву.
Яго тройчы арыштоўвалі савецкія ўлады (у 1940, 1946 і 1952 гадах).
За дапамогу габрэям падчас Другой сусьветнай вайны ўзнагароджаны прэзыдэнтам Літвы (пасьмяротна).
Працаваў архітэктарам у праектным інстытуце «Lietstatprojektas» і дацэнтам Ковенскага ўнівэрсытэту.
Памёр у 1959 годзе, пахаваны на Петрашунскіх могілках у Коўне.