Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Голас розуму як учынак. Пра адкрыты ліст рэдактара Сярэдзіча


Пратэсты ў падтрымку беларускіх палітвязьняў, Варшава
Пратэсты ў падтрымку беларускіх палітвязьняў, Варшава

Пасьля словаў Алеся Бяляцкага аб патрэбе нацыянальнага прымірэньня з адкрытым лістом на гэтую тэму выступіў рэдактар «Народнай волі» Ёсіф Сярэдзіч.

Усе беларусы са школы ведаюць радкі Максіма Багдановіча: «Нашто ж на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор?». Здавалася б, ня знойдзецца чалавека, які будзе аспрэчваць гэтыя словы. Але сёньня іх аспрэчвае і заўзятая прапаганда, і сілавікі, і сама палітычная сыстэма, якая стварыла ў Беларусі перакуленую рэчаіснасьць. Жыцьцё цяпер складаецца выключна з гэтых самых сварак, звадак, болю і горычы — з усяго, што жыцьцём не зьяўляецца. Беларусь не жыве, бо за адваротнае сьцьверджаньне — турма.

Сытуацыя з кожным днём робіцца ўсё горшай, беспрасьветнай, і голас розуму становіцца сапраўдным учынкам. Ён рызыкоўны ў самой Беларусі, але ён і ня голас адзіночкі ў пустэльні, бо абсалютная большасьць беларусаў думаюць гэтаксама. Як Багдановіч.

Хтосьці мусіць узяць на сябе адказнасьць сказаць. Хтосьці мусіць прапанаваць выйсьце з таго каляпсу, у які трапілі краіна і нацыя. І гэты хтосьці мусіць мець голас, які пачуюць. Раней такіх людзей называлі маральнымі аўтарытэтамі. Але апошнім часам гэтыя словы забыліся. Ёсіф Сярэдзіч нагадаў.

Ён прапануе пры пасярэдніцтве нэўтральнай краіны арганізаваць перамовы ўлады і апазыцыі, амністыю для палітвязьняў як крок да адмены санкцыяў. Мэханізм вельмі просты і з гледзішча здаровага розуму цалкам лягічны. Галоўнае — незалежнасьць Беларусі. Будзе нацыянальнае прымірэньне — будзе і Беларусь. Ня будзе — ня стане і такой дзяржавы.

Няма праблемы з апазыцыйным бокам, ня будзе праблем і з нэўтральнай краінай. Пытаньне толькі ў прадстаўніках улады і найперш у тым, ці адчуваюць яны пэрсанальную адказнасьць за захаваньне незалежнасьці Беларусі. Ліст Сярэдзіча — гэта і ёсьць зварот да адказнасьці. Спроба вярнуць усіх нас у нармальнасьць, ад якой мы пасьпелі адвыкнуць. Давайце гаварыць без турмы.

Па ідэі, кожны чыноўнік мусіць такую адказнасьць адчуваць. Бо адказнасьць — гэта адваротны бок свабоды, то бок паўнамоцтваў.

Апошнія тры гады прапагандысцкае дзікунства з тэлеэкранаў скіраванае найперш на запалохваньне чыноўнікаў. Як і новае сьмяротнае пакараньне для чыноўнікаў «за здраду дзяржаве». Як і закрытасьць усёй уладнай сыстэмы ад народу.

Але чыноўнік разумее, што татальны тэрор супраць іншадумства вядзе да поўнага краху сыстэмы, часткай якой ён сам зьяўляецца. Ніводзін зэдлік не ўстаіць на адной назе, трэба як мінімум тры. І толькі ва ўстойлівай сыстэме маюць сэнс паўнамоцтвы чыноўніка.

Нядаўняя інфармацыя пра тое, што думкі найбліжэйшых да Лукашэнкі чыноўнікаў наконт удзелу Беларусі ў вайне РФ супраць Украіны падзяліліся, сьведчыць пра тое, што меркаваньні там ёсьць і што яны ўлічваюцца. Напэўна ж, і прапановы Сярэдзіча могуць быць чыноўнікам не чужымі.

Як, між іншым, і словы Максіма Багдановіча, вядомыя кожнаму беларусу са школы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG