Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму жанчына не сыходзіць ад агрэсара? Таму ж, чаму беларусы больш не пратэстуюць на вуліцах


Здавалася б, масавыя рэпрэсіі ў Беларусі, якія сталі адказам на мірныя акцыі пратэсту, мусілі навучыць грамадзтва, што ў гвалце вінаваты заўжды той, хто яго чыніць. За апошнія два з паловай гады было напісана безьліч тэкстаў пра тое, наколькі дзяржаўныя рэпрэсіі мэханізмам падобныя да хатняга гвалту.

Але дагэтуль я зноў і зноў чую пытаньне «Чаму яна не сыходзіць?», калі ідзе гаворка пра жанчыну, якая жыве ў сытуацыі гвалту. І як бы нелягічна ні гучаў гэты адказ на першы погляд, яны не сыходзяць яшчэ і таму, што хочуць жыць. Прыблізна з гэтай жа матывацыяй беларусы цяпер адмаўляюцца ад вулічных пратэстаў. І мы — тыя, хто знаходзіцца за мяжой, – просім людзей найперш клапаціцца пра ўласную бясьпеку. У ідэале, вядома, раім выяжджаць. Але калі зь нейкай прычыны чалавек ня хоча ці ня можа гэтага зрабіць, дык просім хоць бы максымальна пазьбягаць небясьпекі на месцы.

А што мы раім людзям, якія ўсё ж вырашылі ўцячы? Маўчаць, пакуль не апынуцца ў бясьпецы. Рабіць так, каб пра гэты плян ні ў якім разе не даведаліся ўлады. Тыя ж правілы працуюць і для жанчын, якія ўцякаюць ад хатняга гвалту. Варта жанчыне сказаць, што зь яе досыць, што яна так больш ня можа і ня хоча і што лепей бы разьвесьціся ці проста разьбегчыся, як рызыкі быць жорстка пабітай альбо забітай імгненна ўзрастаюць.

Каб палепшыць уласныя шанцы, трэба весьці двайное жыцьцё і ў тым, другім жыцьці плянаваць ратаваньне. Адкладаць грошы, рабіць і захоўваць у бясьпечным месцы копіі ўсіх дакумэнтаў, заўжды мець пра сабе пашпарт, прыдумаць будучае сховішча і плян бясьпекі. А ці шмат хто мае магчымасьць весьці гэтае другое жыцьцё? Агрэсар часта абсякае сацыяльныя сувязі ахвяры і вымушае яе паверыць, што яна нікому не патрэбная. Дый ня так проста ёй сапраўды паверыць, што чалавек, якога яна калісьці пакахала, зможа яе забіць.

Але ён зможа. Так, нядаўна стала вядома, што мінулым летам беларус жорстка забіў жонку на вачах іхнага сына пасьля таго, як яна сказала, што хоча разводу. І гэта не ўнікальнае здарэньне — лёгка можна знайсьці аналягічныя гісторыі і ў суседняй Расеі, і ў далёкай Мэксыцы.

Дарэчы, беларусу прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня, бо ўлічылі розныя зьмякчальныя абставіны, а абцяжлівых не знайшлі ўвогуле. Аказваецца, калі ў прысутнасьці 9-гадовага сына нанесьці ягонай маці ня менш за 26 удараў сякерай, нажом і іншымі прадметамі, на судзе вас уратуе добрая характарыстыка зь месца працы і яўка з павіннай. Праўда, падчас яўкі вы скажаце, што забіваць жонку не зьбіраліся, але гэта ўсё адно залічыцца вам на карысьць.

І не, вядома ж, я не зьбіраюся гаварыць, што ад агрэсараў ня трэба сыходзіць. Мы мусім вучыць дзяўчат яшчэ з раньняга дзяцінства, што яны заслугоўваюць толькі найлепшага абыходжаньня і што гвалт ня можа быць праявай клопату ці любові. Але калі дарослая ўжо жанчына ўсё ж апынулася ў сытуацыі гвалту ці нават проста ня хоча больш быць у стасунках, нельга яе вінаваціць у тым, што яна ўсё ніяк ня сыдзе.

Лепш пакажыце ёй, што вы заўжды на яе баку, што ваш дом можа быць тым самым сховішчам, дзе яна будзе жыць першы час пасьля разрыву, і што вы дапаможаце ёй з плянам бясьпекі. Ад гэтага будзе рэальная карысьць. А тое, што трэба сыходзіць, яна і сама ведае. Як і мы ўсе ведаем, што з дыктатарам ва ўладзе нельга мірыцца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG