Як кажа вязень, Алесь Пушкін 25 сакавіка з дапамогай ляза ад аднаразовага станка выразаў на сваім целе вялікі крыж. Дзяжурныя ўбачылі гэта на маніторы і пабілі Пушкіна гумавымі дручкамі.
«І тут сваю кемлівасьць праявілі ўжо салдаты ўнутранай службы, — працягвае расповед сьведка зьдзекаў. — Замест грубых, цяжкіх удараў, якія пакідаюць гематомы, білі хвостка і рабілі акцэнт на баявых прыёмах. Пасьля кароткага выхаваўчага працэсу крывацечныя раны сталі занадта прыкметныя, каб іх ігнараваць. І Пушкіна панесьлі, як маглі, аказваць тэрміновую мэдычную дапамогу.
Лекар выканаў сваю частку працы, зашыў і апрацаваў парэзы — і пайшоў. А значыць, выхаваўчая праца магла быць працягнутая, але зь яшчэ большай кемлівасьцю. Удар гумавай дубінкай па пятах цяжка зафіксаваць, затое ён выдатна аддае ва ўнутраныя органы, асабліва ныркі. Ці быў у гэтага этапу выхаваньня вычварнага зэка які-небудзь сэнс? Сказаць складана... Але козыраў Алесю не далі — ударамі і сінякамі „пахваліцца“ на судзе ён ужо ня мог».
Палітвязень Алесь Пушкін за кратамі з сакавіка 2021 году. 30 сакавіка 2022 году Алеся Пушкіна асудзілі на 5 гадоў калёніі строгага рэжыму (падчас закрытага працэсу ён парэзаў сабе жывот на знак пратэсту).
Крымінальную справу разглядаў Менскі гарадзкі суд, судзьдзя Алена Шылько. Мастака прызналі вінаватым у «наўмысных дзеяньнях у рэабілітацыі нацызму, учыненых групай асобаў», і ў «зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў». Падставай для абвінавачаньняў сталі карціны з цыклю «Беларускі супраціў» і пэрформанс, які ён правёў ва Ўкраіне. Вяртаючыся з Кіева, Пушкін ведаў, што на яго на радзіме завялі крымінальную справу.
22 лістапада 2022-га Алеся Пушкіна перавялі ў горадзенскую турму № 1 на строгі рэжым. 11 лістапада судзьдзя Івацэвіцкага раёну Аляксандар Кірыловіч пастанавіў перавесьці Пушкіна на турэмны рэжым тэрмінам на паўтара года.