Пра гэта паведамляе ВВС.
Такую заяву Орбан зрабіў у пятніцу раніцай падчас штотыднёвага інтэрвію на радыё Kossuth, камэнтуючы адпраўку ва Ўкраіну першай партыі танкаў «Леапард».
«Вайна сёньня ідзе значна больш жорсткая, чым спачатку», — заявіў вугорскі прэмʼер. Паводле яго слоў, абодва бакі канфлікту страцілі ўжо па 100 тысяч чалавек.
«Нямеччына пачынала з адпраўкі Ўкраіне касак, а цяпер ужо адпраўляе танкі — і думае, ці не адправіць і зьнішчальнікі», — сказаў Орбан.
Паводле яго, калі прытрымлівацца гэтай лёгікі эскаляцыі, у нейкі момант украінскую мяжу цалкам можа пачаць перасякаць і жывая сіла — групоўкі краін-саюзьніц Кіева.
«Мы ніколі не былі такія блізкія да таго, каб лякальная вайна перарасла ў сусьветную вайну», — дадаў ён.
Паводле яго слоў, з усіх эўрапейскіх краін міру ва Ўкраіне па-сапраўднаму жадаюць толькі дзьве: Вугоршчына і Ватыкан. Затое па-за межамі Эўропы той жа пазыцыі прытрымліваюцца Турэччына, Кітай і большасьць арабскіх краін, мяркуе Орбан.
Саюзьнікі па ЭЗ і NATO пасьлядоўна крытыкуюць урад Орбана за ляяльнасьць у адносінах да Расеі.