Мірныя перамовы аб Украіне з удзелам міністраў замежных справаў, якія мелі адбыцца 23 красавіка ў Лёндане, адклалі, паведаміў урад Вялікай Брытаніі. Аднак, як вынікае з паведамленьня, сустрэча службоўцаў ніжэйшага ўзроўню ўсё ж пройдзе.
«Перамовы на афіцыйным узроўні будуць працягвацца, але яны закрытыя для мэдыя», — паведамілі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ў брытанскім урадзе.
Міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Дэвід Лэмі таксама вырашыў прапусьціць сустрэчу, паведаміў Sky News раней 23 красавіка, хоць неадкладнага пацьверджаньня гэтаму не было.
Украінская дэлегацыя разам з галоўным памочнікам прэзыдэнта Зяленскага ўсё ж накіравалася ў Лёндан. «Нягледзячы ні на што, мы будзем працаваць дзеля міру», — напісаў Андрэй Ярмак у сваім паведамленьні ў Telegram.
Раней стала вядома, што дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё ня будзе прымаць удзелу ў сустрэчы прадстаўнікоў Украіны, ЗША і Эўразьвязу ў Лёндане, на якой павінны абмяркоўваць умовы пагадненьня аб спыненьні агню ва Ўкраіне. Аб рашэньні паведамілі ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША.
Дзяржаўны сакратар Рубіё прыняў гэтае рашэньне ў аўторак 22 красавіка пасьля таго, як прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі публічна адпрэчыў адну з ключавых умоваў мірнага ўрэгуляваньня, прапанаванага адміністрацыяй Дональда Трампа, — прызнаньне Ўкраінай расейскай юрысдыкцыі над Крымам.
17 красавіка ў Парыжы адбыліся перамовы з удзелам Украіны, ЗША, Францыі, Вялікай Брытаніі і Нямеччыны аб спыненьні вайны Расеі ва Ўкраіне. Наступны раўнд перамоваў быў прызначаны на 23 красавіка ў Лёндане.
Раней у аўторак прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Тэмі Брус пацьвярджала намер Марка Рубіё ўдзельнічаць у перамовах. Рашэньне дзяржаўнага сакратара скасаваць паездку ў Лёндан яна патлумачыла «лягістычнымі праблемамі ў ягоным раскладзе».
Як пішуць амэрыканскія мэдыя, адмова Марка Рубіё ад удзелу ў лёнданскай сустрэчы выклікае пытаньні наконт стану перамоўнага працэсу. На мінулым тыдні пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі Ўкраіны і эўрапейскімі хаўрусьнікамі ў Парыжы Рубіё папярэдзіў, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп траціць цярплівасьць стасоўна перамоваў, якія зацягваюцца, і можа прысьвяціць сваю ўвагу «іншым прыярытэтам».
Дыскусія пра анэксаваны Крым
Высокі прадстаўнік Эўразьвязу ў бясьпецы і замежнай палітыцы Кая Калас 22 красавіка раскрытыкавала ЗША за тое, што яны не выкарыстоўваюць увесь свой патэнцыял для ціску на Расею. Кіраўніца эўрапейскай дыпляматыі таксама заявіла, што для ЗША было б памылкай разглядаць магчымасьць прызнаньня акупаванага Крыму тэрыторыяй Расеі ў рамках мірнага пагадненьня.
«Крым — гэта Ўкраіна», — падкрэсьліла Калас, дадаўшы, што ЭЗ ніколі не прызнае паўвостраў часткай Расеі.
Такую ж пазыцыю ўвечары 22 красавіка агучыў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
«Мы ня можам абмяркоўваць Крым... Украіна юрыдычна не прызнае акупацыю Крыму, гэта па-за межамі нашай Канстытуцыі. Гэта наша тэрыторыя, тэрыторыя народу Ўкраіны. Гэтага ня будзе», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Амэрыканскія мэдыя, у прыватнасьці The Washington Post з спасылкай на неназваныя крыніцы, паведамляюць, што прадстаўнікі ЗША на сустрэчы ў Лёндане 23 красавіка зьбіраліся прапанаваць Украіне і Эўропе прызнаць Крым тэрыторыяй Расеі і замарозіць канфлікт на цяперашняй лініі фронту.
Форум