У судзе Лідзкага раёну 10 лютага асудзілі Ільлю Мазаля паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») Крымінальнага кодэкса.
Судзьдзя Аляксандар Мішураў прызначыў Ільлю 1 год і 6 месяцаў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»).
Ілью абвінавацілі ў тым, што ён са свайго мабільнага тэлефона пакінуў у тэлеграм-чаце «Ліда 97%» камэнтары і відэа «з мэтай узбуджэньня ў неабмежаванай колькасьці карыстальнікаў мэсэнджара Telegram пачуцьця неабходнасьці ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах».
Суд расцаніў дзеяньні Ільлі як арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
Мужчына цалкам прызнаў віну. Ягоны мабільны тэлефон канфіскавалі ў даход дзяржавы.