Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Тбілісі каля будынка парлямэнту зноў адбыліся сутыкненьні


На вуліцы Тбілісі ўвечары 8 сакавіка
На вуліцы Тбілісі ўвечары 8 сакавіка

У Тбілісі ўвечары 8 сакавіка ўдзельнікі масавай акцыі пратэсту супраць так званага закона аб іншаагентах атачылі будынак парлямэнту Грузіі.

Ізноў, як і 7 сакавіка, пачаліся сутыкненьні з паліцыяй, якая ўжыла сьлёзацечны газ і вадамёты. Частка пратэстоўцаў, як паведамляецца, спрабавала прарвацца ў будынак. Некалькі шыбаў у будынку былі выбітыя.

Аб затрыманых пакуль не паведамляецца. Ёсьць пацярпелыя ад сьлёзацечнага газу.

Раней удзельнікі мітынгу выставілі два патрабаваньні. Па-першае, яны патрабуюць адклікаць з парлямэнту законапраект, прыняты напярэдадні ў першым чытаньні. Па-другое, адпусьціць затрыманых на мітынгу 7 сакавіка. На выкананьне сваіх патрабаваньняў яны далі ўладам адну гадзіну, пасьля чаго абяцалі перайсьці «да іншых дзеяньняў».

Праз гадзіну адзін з лідэраў апазыцыі Грыгоры Вашадзэ паведаміў прысутным, што ўлады не пайшлі на кантакт, і заклікаў удзельнікаў мітынгу атачыць будынак парлямэнта. Паводле яго, неабходна заблякаваць усе ўваходы ў будынак, каб там у чацьвер не магло адбыцца паседжаньне.

Вашадзэ заклікаў удзельнікаў мітынгу да мірнага пратэсту. Аднак неўзабаве пасьля таго, як дэманстранты акружылі будынак парлямэнту, пачаліся сутычкі з паліцыяй.

Паводле ацэнак выданьня Paper Kartuli, у акцыі пратэсту бяруць удзел ня менш за дзесяць тысяч чалавек. Шэраг відавочцаў і СМІ паведамляюць пра дзясяткі тысяч удзельнікаў.

Акцыі пратэсту ў Тбілісі пачаліся апоўдні з жаночых маршаў. Удзельніцы раздавалі стыкеры з надпісам «Жанчыны супраць татальнага кантролю». Калёна прайшла па галоўным тбіліскім праспэкце Руставэлі і падышла да плошчы перад будынкам парлямэнта. Акцыі пратэсту адбываюцца і ў іншых гарадах Грузіі.

Georgia -- Women's rally 8 March 2023
Georgia -- Women's rally 8 March 2023

Удзельніцы выкрыквалі: «Хто мы? — Грузінкі! Чаго мы хочам? — Грузія — у Эўропу!» Сярод пратэстоўцаў былі лідэр партыі Droa Эленэ Хаштарыя і дэпутат Тамара Кардзаія. Лідэры жаночых арганізацый былі перакананыя: канчатковае ўступленьне ў сілу «Закона аб замежных агентах» нанясе шкоду і аслабіць няўрадавыя арганізацыі, якія абараняюць правы жанчын і якія змагаюцца супраць сямейнага гвалту.

Судырэктарка арганізацыі «Жанчыны за агульную будучыню (WECF) — Грузія» Іда Бахтурыдзе заявіла Радыё Свабода: «У гэты дзень мы павінны былі казаць пра іншае. Напрыклад, пра праблемны ў Грузіі артыкул пра згвалтаваньне, эканамічныя праблемы, зь якімі сутыкаюцца жанчыны. Урад прымусіў нас сутыкнуцца са стратай нашай будучыні. Яны перакінулі праз нашы галовы канстытуцыю нашай краіны. Яны адмовіліся даць нам выбар, які палягае ва ўступленьні ў Эўрапейскі зьвяз».

Да маршу жанчын далучыліся і мужчыны. Увечары ў сераду пачаўся масавы мітынг.

  • 7 сакавіка, парлямэнт Грузіі прыняў у першым чытаньні законапраект «Аб празрыстасьці фінансаваньня зьнешняга ўплыву», які таксама называюць «законам аб іншаагентах». З 150 дэпутатаў 76 прагаласавалі за прыняцьце закону, 13 — супраць, яшчэ 61 не галасаваў. Законапраект абавязвае ўсіх юрыдычных і фізычных асоб, якія атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы, рэгістравацца ў спэцыяльным рэестры. У адваротным выпадку парушальнікам пагражае буйны штраф або турэмнае зьняволеньне тэрмінам на пяць гадоў.
  • Апазыцыя лічыць, што закон мае на мэце прыцясьненьне іншадумства і грамадзянскай актыўнасьці, як гэта адбылося ў Расеі. Таксама яны сьцьвярджаюць, што прыняцьце такога закону зьяўляецца пагрозай для дэмакратыі і будзе перашкаджаць інтэграцыі Грузіі ў Эўропу.
  • Увечары 7 сакавіка некалькі тысяч пратэстоўцаў супраць прыняцьця гэтага закона выйшлі да будынка парлямэнта ў Тбілісі, некаторыя паспрабавалі ў яго прарвацца. Паліцыя разганяла дэманстрантаў вадамётамі, 66 чалавек былі затрыманыя.
  • Народны абаронца Грузіі Леван Іаселіані паведаміў журналістам, што з 66 дэманстрантаў, арыштаваных напярэдадні паліцыяй, 25 застаюцца ў камэрах папярэдняга зьняволеньня. Па сьцьвярджэньні амбудсмэна, некаторыя з затрыманых зьбітыя паліцыянтамі. У тым ліку старшыня лібэртарыянскай партыі «Гірчы» Зураб Джапарыдзэ. Палітычны лідэр таксама да гэтага часу знаходзіцца ў КПЗ. Генэральная інспэкцыя МУС пачала праверку сьцьвярджэньняў, што яго дубінкамі пабіла паліцыя, — паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода.
  • Большасьці затрыманых пагражае штраф ці адміністрацыйны арышт. Але ўлады не выключаюць і крымінальныя справы: камэнтуючы тое, што адбылося ноч на сераду, старшыня кіруючай у Грузіі партыі «Грузінская мара» Іраклій Кабахідзэ папярэдзіў, што ўсе, хто «парушыў або парушыць закон, панясуць суровае пакараньне».
  • Сьпікер грузінскага парлямэнта Шалва Папуашвілі паспрабаваў супакоіць грамадскасьць абяцаньнем адправіць закон, прыняты ў першым чытаньні, для экспэртызы ў Венэцыянскую камісію Рады Эўропы. Па словах Папуашвілі закон будзе канчаткова прыняты ў другім і трэцім чытаньнях толькі з улікам заключэньня Венэцыянскай камісіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG