6 сакавіка меў адбыцца аўкцыён для продажу трохпакаёвай кватэры ў Менску, якая належыць Сяргею Ціханоўскаму. Але таргі не адбыліся — не знайшлося ахвотнікаў яе купіць, паведаміў сайт Zerkalo.io.
На аўкцыёне па продажы маёмасьці «БелЮрЗабесьпячэньня» выставілі трохпакаёвую кватэру на праспэкце Незалежнасьці 137/2, у якасьці даўжніка значыцца «Ціханоўскі Сяргей Леанідавіч».
Кватэру Ціханоўскіх выставілі на продаж, хаця ў ёй зарэгістраваныя жыхары, у тым ліку непаўналетнія дзеці. Стартавая цана на нерухомасьць была ніжэйшай за рынкавую.
Рэгістрацыя ўдзельнікаў, якія хацелі прыняць удзел у таргах, праходзіла да 3 сакавіка. У канцы лютага супрацоўніца прадпрыемства «БелЮрЗабеспячэньне» паведамляла, што некалькі чалавек кватэрай цікавіліся, але афіцыйных заявак на ўдзел у таргах на той момант не паступала.
Раніцай 6 сакавіка стала вядома, што таргі не адбыліся з прычыны адсутнасьці ўдзельнікаў. Гэта вынікае з інфармацыі, разьмешчанай на старонцы з аб’явай аб продажы.
У апісаньні лота адзначаецца, што ў жыльля ёсьць «абмежаваньні ў распараджэньні нерухомай маёмасьцю», якія, як абяцаюць прадаўцы, «будуць зьнятыя аддзелам прымусовага выкананьня па выніках продажу лота». Таксама пазначана, што «ў кватэры ёсьць зарэгістраваныя асобы, у тым ліку непаўналетнія».
Пачатковы кошт лота — 214 860 BYN. Паводле абвесткі, у цану ўваходзіць: «убудаваная сэкцыйная мэбля для кухні з варачнай панэльлю gorenje, ракавінай і зьмяшальнікам, з сыстэмай ачысткі вады, убудаваная шафа-купэ са МДФ, вітрына са шкла і 2-х люстэркаў».
Кватэру Сьвятланы Ціханоўскай і яе мужа-палітвязьня Сяргея Ціханоўскага ў Менску арыштавалі ў верасьні 2022 году.
Муж апазыцыйнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай Сяргей Ціханоўскі ў 2020 годзе быў папулярным блогерам, стваральнікам праекту «Страна для жизни». Ягоныя сюжэты на youtube-канале мелі сотні тысяч праглядаў. Ён езьдзіў па краіне і выкрываў нядбайства чыноўнікаў, запісваў гутаркі зь людзьмі. У траўні 2020 году Сяргей заявіў пра прэзыдэнцкія амбіцыі. 29 траўня 2020 году яго затрымалі ў выніку правакацыі на пікеце ў Горадні. З таго часу ён у зьняволеньні.
Ціханоўскага абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальваньні варожасьці, перашкодзе працы Цэнтральнай выбарчай камісіі. На судзе 14 сьнежня 2021 году ён атрымаў 18 гадоў зьняволеньня. У чэрвені 2022 году КДБ унёс Ціханоўскага ў сьпіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».
14 лютага 2023 году пачаўся новы суд над Ціханоўскім — за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі турмы» (ч. 2 арт. 411 КК).
17 студзеня пачаўся завочны суд над Сьвятланай Ціханоўскай, Паўлам Латушкам і іншымі фігурантамі «справы Каардынацыйнай рады». Працэс ідзе завочна, бо ўсе фігуранты знаходзяцца за межамі Беларусі. Іх справу расьсьледавалі ў рамках «спэцыяльнага вядзеньня».
Сьвятлану Ціханоўскую абвінавачваюць паводле некалькіх артыкулаў КК: у здрадзе дзяржаве, масавых беспарадках, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, распальваньні варожасьці, змове з мэтай захапіць уладу, закліках да санкцый.