Беларуская адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна ў інтэрвію каналу «Максимально» расказала падрабязнасьці «справы Ціханоўскага», дзе яна працавала адным з абаронцаў. Суд ішоў у закрытым рэжыме, таму інфармацыі пра яго практычна не было.
Марыя паўгода працавала адвакатам у справе Сяргея Ціханоўскага. Суд праходзіў у Гомлі проста ў СІЗА № 3. Працэс ішоў у закрытым рэжыме. У справе, акрамя Ціханоўскага, судзілі палітыка Мікалая Статкевіча, блогераў Ігара Лосіка і Уладзімера Цыгановіча, а таксама паплечніка Ціханоўскага Арцёма Сакава і грамадзяніна Расеі Дзьмітрыя Папова, якога і абараняла Колесава-Гудзіліна.
Паводле Марыі Колесавай-Гудзілінаей, перад судом яна прачытала ўсю справу, бо калісьці навучылася мэтодыцы хуткачытаньня. «Спачатку гэта было 177 тамоў, потым ужо больш за дзьвесьце, да канца. У томе 300 старонак», — адзначае адвакатка.
«Справа Ціханоўскага складаецца зь нічога. Зь нейкага адкрытага глупства. Бо фактычна ў гэтай справе не знайшлі злачынстваў, з пункту гледжаньня нармальнага юрыста там няма ніякага злачынства.
Фактычна гэта раздрукоўкі з YouTube-канала, відэазапісы яго канала, праслухоўваньне перамоваў Ціханоўскага са штабам, праслухоўваньні нейкіх... „Эўрапейскай Беларусі“ і нейкіх там яшчэ людзей, кавалкі са справы па Горадні, людзей, якіх там затрымлівалі і асуджалі (у Горадні Ціханоўскага і яго каманду затрымалі нібыта за напад на міліцыянта. — Рэд.). Кавалкі [спраў] нейкіх яшчэ людзей, іх прысуды — гэта нібыта віна Ціханоўскага, што яны прыйшлі [на пратэсты]», — кажа адвакатка.
Ціханоўскага затрымалі ў траўні 2020 году, а ў віну яму, паводле адвакаткі, ставяць «падзеі жніўня і ўсё, што там адбывалася: нібыта ён гэта ўсё сплянаваў неяк з турмы».
«І самае цікавае, што вось яны ўсё гэта „сплянавалі“, надрукавалі, а ўсё гэта яны зрабілі таму, што прачыталі кніжку Шарпа „Ад рэвалюцыі да дэмакратыі“. І гэтую „мэтадычку Шарпа“ далучылі да справы, гэта цэлыя паўтома справы! І ў нейкі момант Ціханоўскі кажа: „Ды я ніколі яе ня чуў“», — расказвае адвакатка пра зьмест абвінавачаньня і ход судовага працэсу.
Паводле адвакаткі, Ціханоўскаму ставілі ў віну «ўсе відэазапісы, якія ён рабіў, увесь яго канал „Страна для жизни“», таксама яна згадала канал блогера Ўладзімера Цыгановіча (MozgOn).
На рэпліку вядоўцы «і ў Лосіка тэлеграм-канал» адвакатка адказала коратка: «Не даказана».
Таксама, паводле адвакаткі, у справе былі раздрукоўкі з тэлеграм-канала Nexta і «наогул дзіўнае» — агляд інтэрнэту.
«„Агляд інтэрнэту“ — гэта такі новы від доказу. Ён адкрыў у гугле і ўвёў слова „плошча“. І яму выдала „Плошча-2010“ і нешта там яшчэ. І гэта доказ», — абураецца адвакатка.
Паводле Марыі Колесавай-Гудзілінай, яе падабароннага Дзьмітрыя Папова асудзілі на 16 гадоў пазбаўленьня волі, а «на самай справе ён проста адзін раз прынёс паўэрбанк Ціханоўскаму» і сябраваў зь ягоным апэратарам.
Па словах Марыі, Дзьмітрый Папоў за час у СІЗА вельмі шмат чаму навучыўся.
Таксама адвакатка расказала, што закрыты суд праходзіў «у вельмі дзіўным пакоі», падобным да «агароджанага калідора», адвакаты сядзелі сьпінай да падабаронных, ім забаранілі насіць электронныя гадзіньнікі.
У сьнежні 2021 году Сяргею Ціханоўскаму прысудзілі 18 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Ігару Лосіку і Ўладзіміру Цыгановічу далі па 15 гадоў, Мікалаю Статкевічу — 14 гадоў, Сакаву і Папову — 16 гадоў пазбаўленьня волі.
27 лютага стала вядома аб тым, што Сяргей Ціханоўскі атрымаў яшчэ паўтара года за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы».
Затрыманьне Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.