Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 10 гадоў колькасьць зафіксаваных злачынстваў супраць полавой недатыкальнасьці дзяцей вырасла ў 28 разоў


Машына міліцыі. Ілюстрацыйнае фота
Машына міліцыі. Ілюстрацыйнае фота

Рост колькасьці падобных злачынстваў міліцыя зьвязае з паляпшэньнем выяўляльнасьці.

У Беларусі з 2012 года ў 28 разоў вырасла колькасьць зафіксаваных злачынстваў супраць полавой недатыкальнасьці дзяцей, паведаміў на прэс-канфэрэнцыі 6 сакавіка ў Менску намесьнік міністра ўнутраных спраў, начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч, якога цытуе BPN.

Паводле яго, у Беларусі ў 2012-м зарэгістравалі 38 злачынстваў, зьвязаных з замахам на полавую недатыкальнасьць непаўналетніх, а ў 2022-м такіх было ўжо больш за тысячу.

Усяго, паводле даных МУС, з 2012 году ўчынена 5616 злачынстваў гэтай катэгорыі. Такі імклівы рост Казакевіч зьвязаў з паляпшэньнем выяўляльнасьці:

«Раней тэма была вельмі балючай, пра пэдафілію не гаварылі, замоўчвалі, прычым на розных узроўнях — у школах, садках і спартовых сэкцыях».

Паводле зьвестак Сьледчага камітэта, летась да крымінальнай адказнасьці за злачынствы ў сфэры полавой недатыкальнасьці прыцягнулі 420 чалавек (больш за палову — ва ўзросьце ад 18 да 30 гадоў).

Паводле намесьніка міністра, цяпер праблема пэдафіліі «перастала быць настолькі лятэнтнай, як раней», бо «вядзецца актыўная сумесная работа розных органаў».

Ён расказаў, што ў МУС ёсьць «спэцыяльнае праграмнае забесьпячэньне для выяўленьня тых, хто спампоўвае дзіцячы порнакантэнт». Такія грамадзяне «маюць апэратыўны інтарэс», зазначыў Казакевіч.

Ахвяр звычайна знаходзяць у сацсетках, гульнявых супольнасьцях, часам маскуючыся пад дзіця ці чалавека іншага полу. Найбольш уразьлівыя катэгорыі дзяцей пражываюць у дзіцячых дамах, школах-інтэрнатах або знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы ў сем’ях.

У параўнаньні з 2021 годам у 2022-м колькасьць непаўналетніх, якія пацярпелі ад злачынстваў у сфэры полавой недатыкальнасьці, павялічылася больш як на 20% — з 695 да 843, заявіў намесьнік старшыні Сьледчага камітэту Сяргей Аземша.

Каля паловы пацярпелых — дзеці да 14 гадоў, у асноўным дзяўчаткі (80%). Паводле яго, зафіксаваныя выпадкі, калі «ахвярамі сэксуальнага гвалту рабіліся дзеці ва ўзросьце да года».

Паводле зьвестак пракуратуры, у 2022 годзе за «згвалтаваньне непаўналетніх і малалетніх дзяцей» асудзілі 48 чалавек (у 2021-м — 21), «гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару» — 117 (79), «распусныя дзеяньні» — 50 (20). Іх ахвярамі сталі 388 дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG