«Нядаўна дыктатар чарговы раз заявіў сваім прапагандыстам, што ў яго найлепшая супрацьпаветраная абарона і сродкі супраць бесьпілётнікаў. Таму ўсе вайсковыя абʼекты нібыта ў поўнай бясьпецы. Відэа, перададзенае баявой групай удзельнікаў пляну „Перамога“, наглядна дэманструе, якая сытуацыя», — гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным у телеграм-канале ByPol.
Паводле яго, на працягу 2 тыдняў беларускія партызаны вялі паветраную выведку на вайсковым аэрадроме «Мачулішчы» з дапамогай цывільных бесьпілётнікаў.
«Падчас адной з пасьпяховых выведных апэрацый бесьпілётнік ня толькі заляцеў на тэрыторыю ўказанага аэрадрома, але і праляцеў побач з расейскім вайсковым самалётам А-50, і нават зьдзейсьніў пасадку на яго радыёлякацыйную станцыю („талерку“)», — дадалі ў абʼяднаньні.
ByPol не ўдакладняе, калі менавіта было зроблена гэтае відэа.
Радыё Свабода пакуль ня можа праверыць гэтую інфармацыю зь іншых крыніцаў.