З культурай памяці ў Рызе складана. Ня кепска, як у Беларусі, дзе побач з Курапатамі будуюць рэстарацыю, а пра сталінскія рэпрэсіі амаль не расказваюць у школе, а менавіта складана. Тут ёсьць Музэй акупацыі, у якім можна даведацца і пра нямецкі, і пра савецкі пэрыяды, проста на вуліцах сустракаецца шмат згадак пра розныя злачынствы супраць латыскага народу ў мінулым. Але дагэтуль у Латвіі нямала людзей, што сумуюць па савецкіх часах, русыфікацыі і ўсім, зьвязаным з гэтым.
Звычайна гэтыя людзі выразна выказваюцца супраць фашызму, а, напрыклад, знос помніка савецкім салдатам лічаць зьдзекам і праявай непавагі да мінулага. Яны кажуць, што мінушчына, якой бы яна ні была, вартая таго, каб пра яе памяталі. А савецкая мінуўшчына вартая гэтага, як ніякая іншая – гэта ж савецкія людзі зьнішчылі фашысцкую гáдзіну. І калі ўлады зносілі той няшчасны помнік і гаварылі, што для ўшанаваньня памяці савецкіх жаўнераў ёсьць месцы на могілках, гэтыя людзі страшэнна абураліся. Называлі тых, хто падтрымліваў знос помніка, фашыстамі.
І па вялізным супадзеньні менавіта гэтыя людзі – галоўная аўдыторыя расейскай прапаганды ў Латвіі (і хай вас ня ўводзіць у зман блякаваньне 70 СМІ – пракрамлёўскай прапаганды тут хапае дагэтуль). Гэта яны падтрымліваюць генацыд, які чыніць расейскае войска ва Ўкраіне, і гэта яны абураюцца, што закон забараняе адкрыта падтрымліваць расейскую агрэсію.
Да гадавіны поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў Рыгу прывезьлі спалены расейскі танк. Яго паставілі на плошчы перад расейскай амбасадай – там жа, дзе праходзяць акцыі ў падтрымку Ўкраіны. Амбасада знаходзіцца ў надзвычай добрым для пратэстаў месцы, і гэта нават трохі іранічна. Танк, вядома ж, адразу ж стаў папулярным. Яго разглядаюць з усіх бакоў, яго фатаграфуюць, на яго плююць. Але хтосьці ўскладае да яго кветкі. А яшчэ ёсьць людзі, якія ўжо другі раз за тыдзень намалявалі Z на помніку ахвярам Галакосту.
Як у гэтых людзей ня складваюцца лягічныя ланцужкі? Усё дужа проста: яны ніколі і не выступалі супраць фашызму як такога. Усе іх ранейшыя расповеды пра тое, як важна паважаць мінуўшчыну і змагацца з фашызмам ня мелі нічога агульнага з гуманізмам. Яны былі не пра каштоўнасьць чалавечага жыцьця і не пра важнасьць гістарычнай памяці. Фашызм хвалюе гэтых людзей не праз сваю сутнасьць. Ён хвалюе іх толькі тады, калі яны аказваюцца зь няўдалага боку «харчовага ланцужка».
А цяпер яны аказаліся не з таго боку, які патрабуе падтрымкі і дапамогі, а з боку пачвары, якая хоча зьнішчыць Украіну. Вось і атрымліваецца, што для таго, каб падтрымаць рашызм, зь якім яны сябе асацыююць, можна і размаляваць помнік ахвярам Галакосту. І ня мець пры гэтым аніякіх кагнітыўных дысанансаў.
Чаго ж ня зробіш, каб падтрымаць войска гвалтаўнікоў і забойцаў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.