Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве холадна ўспрынялі мірны плян Пэкіна аб вайне Расеі супраць Украіны


Масква, Крэмль. Архіўнае фота
Масква, Крэмль. Архіўнае фота

У Эўразьвязе раней заявілі, што «кітайскі мірны плян не адрозьнівае агрэсара ад ахвяры».

Крэмль халаднавата выказаўся наконт пляну Кітая ў спыненьні вайны ва Ўкраіне. У Маскве заклікалі вывучыць нюансы прапановы, якая заклікае абодва бакі пагадзіцца на паступовую дээскаляцыю і перасьцерагае ад выкарыстаньня ядзернай зброі. Пра гэта паведаміла агенцтва «Рэйтэр».


Кітай, які абвясьціў аб «бязьмежным» саюзе з Расеяй незадоўга да таго, як Масква пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну, у пятніцу прадставіў уласны мірны плян.

Па словах афіцыйнага прадстаўніка Крамля Дзьмітрыя Пяскова, заява якога была апублікаваная ў аўторак, голас Пэкіна павінен быць пачуты, але важныя нюансы прапановы.

«Вядома, дэталі павінны быць старанна прааналізаваныя з улікам інтарэсаў усіх бакоў. Гэта вельмі доўгі і інтэнсіўны працэс», – заявіў ён у інтэрвію «Известиям».

Рэакцыя на кітайскі плян у Кіеве

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падчас прэс-канфэрэнцыі на мінулым тыдні заявіў, што прапанова Кітая «не інфраструктура для чагосьці. Ёсьць нейкія пункты, якія мне зразумелыя. Ёсьць думкі, зь якімі я ня згодзен».

У сваю чаргу міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што ўкраінскі бок пільна вывучыць прапанаваны Кітаем мірны плян.

Андрэй Ярмак, кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, заявіў, што абнародаваная Кітаем пазыцыя зьяўляецца добрым сыгналам патэнцыйнай гатоўнасьці ўзяць удзел у мірным урэгуляваньні.

«Аднак неабходна паглядзець на дзеяньні. Трэба дакладна зразумець, што Кітай насамрэч мае на ўвазе і што ён гатовы зрабіць, каб дапамагчы завяршыць гэтую вайну. Будзе вельмі вялікай і небясьпечнай памылкай, калі Кітай вырашыць пастаўляць любое ўзбраеньне і тое, што дапаможа расейцам і далей забіваць украінцаў, зьнішчаць цывільную інфраструктуру. І гэта будзе супярэчыць той пазыцыі мірнага ўрэгуляваньня, якую Кітай дэкляруе», — сказаў Андрэй Ярмак.

Рэакцыя Эўразьвязу

Вярхоўны прадстаўнік Эўрапейскага Зьвязу ў пытаньнях замежных спраў і палітыкі бясьпекі Жузэп Бурэль заявіў 27 лютага, што дасягнуць спыненьня вайны ва Ўкраіне магчыма на аснове рэзалюцыі Генэральнай асамблеі ААН і мірнага пляну, прапанаванага ўкраінскім прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім.

«Кітай прапанаваў свой „пазыцыйны дакумэнт“ аб палітычным урэгуляваньні. Ён не зьяўляецца мірным плянам і пераважна паўтарае вядомыя кітайскія пазыцыі, частку зь якіх падзяляем, а частку — не», — напісаў Жузэп Барэль у сваім блогу, апублікаваным на афіцыйным сайце эўрапейскай дыпляматыі.

У той жа час кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі дадаў, што пільна вывучаць і прааналізуюць прапановы кітайскага ўраду.

«Але ўжо цяпер зразумела, што ключавой праблемай зьяўляецца тое, што ён не адрозьнівае агрэсара ад ахвяры, ставячы бакі на адзін узровень», — адзначыў ён.

«Расейская вайна і напружанасьць у дачыненьнях між Кітаем і ЗША разрываюць тое, што мы часта называем „міжнародным парадкам, які грунтуецца на правілах“. Але ў той жа час большасьць краін усё яшчэ спадзяецца на тое, што ААН знайдзе рашэньне», — падкрэсьліў Жазэп Барэль.

Лукашэнка таксама хоча абмеркаваць кітайскі мірны плян

У Беларусі анансавалі візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай. Ён адбудзецца з 28 лютага па 2 сакавіка.

У праграме візыту — перамовы Лукашэнкі і старшыні КНР Сі Цзіньпіня, шэраг сустрэч з вышэйшымі службовымі асобамі КНР, кіраўніцтвам кітайскіх карпарацый.

«У цэнтры ўвагі будуць пытаньні разьвіцьця гандлёва-эканамічнага, інвэстыцыйнага і гуманітарнага супрацоўніцтва, рэалізацыя сумесных маштабных праектаў, узаемадзеяньне ў палітычнай сфэры, рэагаваньне на найбольш вострыя выклікі ў сучаснай міжнароднай абстаноўцы», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Лукашэнкі.

Перад сваёй паездкай у Пэкін у інтэрвію кітайскім СМІ Лукашэнка ў пазытыўным ключы ацаніў мірныя ініцыятывы Кітаю, якія на той момант яшчэ не былі апублікаваныя.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG