Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала тэрміны, якія пракурор запытаў для яе і іншых фігурантаў «справы Каардынацыйнай рады», паведамляе яе прэсавая служба:
«Абвінавачаньне ад 12 да 19 гадоў тым, хто цяпер не ў Беларусі, — найлепшы прыклад таго, як насамрэч рэжым ставіцца да беларусаў, якія выступаюць за дэмакратыю. Вось наколькі шчырыя намеры любых камісій, якія зазываюць беларусаў дадому.
Таму я яшчэ раз хачу паўтарыць: дарагія беларусы, паклапаціцеся пра сваю бясьпеку, наколькі гэта магчыма. Я ведаю, што мы абавязкова вернемся дадому. І мы вернемся на сваіх умовах, дзякуючы штодзённай працы, а ня нечаму дазволу ці прысуду».
- Падчас судовага паседжаньня 27 лютага дзяржаўны абвінаваўца запрасіў для Сьвятланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі па 19 гадоў калёніі завочна.
- Для Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага і Марыі Мароз пракурор запрасіў па 12 гадоў калёніі.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, пракурор таксама лічыць неабходным прызначыць Ціханоўскай штраф 37 тысяч рублёў, а Латушку — забараніць займаць пасады на 5 гадоў.
- У «справе Каардынацыйнай рады» праходзяць дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова і яе калега, кіраўнік страйкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі, былая кіраўніца перадвыбарчага штабу Ціханоўскай Марыя Мароз.
- Суд над імі пачаўся 17 студзеня ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс ідзе завочна, бо ўсе фігуранты за межамі Беларусі. Іх справу расьсьледавалі ў рамках «спэцыяльнага вядзеньня».
- Сьвятлану Ціханоўскую абвінавачваюць паводле некалькіх артыкулаў КК: у здрадзе дзяржаве, масавых беспарадках, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, распальваньні варожасьці, змове з мэтай захапіць уладу, закліках да санкцый.
- Паўла Латушку абвінавачваюць у закліках да санкцый, распальваньні варожасьці, атрыманьні хабару, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня. Падобныя абвінавачваньні агучаныя і на адрас сябраў Каардынацыйнай рады Марыі Мароз, Вольгі Кавальковай, і Сяргея Дылеўскага.
- Адвакаты Ціханоўскай і Латушкі заявілі хадайніцтвы аб спыненьні вядзеньня ў крымінальнай справе іхных падабаронных, але суд адхіліў іх.