Расея спыніла пастаўкі нафты ў Польшчу па трубаправодзе «Дружба», паведаміў у Твітэры галоўны выканаўчы дырэктар польскай нафтаперапрацоўчай кампаніі PKN Orlen Даніэль Абайтэк.
Ён дадаў, што кампанія была цалкам гатовая да гэтага. «Толькі 10% сырой нафты паступала з Расеі, і мы заменім яе нафтай з іншых крыніц», — напісаў Абайтэк.
Кампанія імпартавала нафту ў рамках кантракту з расейскай «Татнафтай». Тэрмін дзеяньня гэтага кантракту павінен быў скончыцца ў сьнежні 2024 году.
Агенцтва Reuters адзначае, што пастаўкі спыніліся на наступны дзень пасьля таго, як Польшча перадала Ўкраіне першую партыю нямецкіх танкаў «Леапард».
У PKN Orlen заявілі, што кампанія можа цалкам забясьпечваць свае НПЗ марскім транспартам і што спыненьне паставак па трубаправодзе не паўплывае на пастаўкі бэнзіну і дызэльнага паліва кліентам.
- Трубаправод «Дружба» быў выключаны з-пад санкцый Эўразьвязу, каб забясьпечваць краіны, у якіх няма доступу да альтэрнатыўнай нафты. Апроч Польшчы, па ім атрымлівалі расейскую нафту таксама Чэхія, Нямеччына, Славаччына і Вугоршчына.