Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных спрабаваў сарваць выступ дэмакратычнай лідэркі Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай на Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Вене, але яго падтрымала толькі Расея. Пра гэта 24 лютага паведамляе прэсавая служба Сьвятланы Ціханоўскай.
Падчас пасяджэньня ў залі прысутнічалі ўсе дэлегацыі, у тым ліку расейская і афіцыйнага Менску. Прэзыдэнтка Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Маргарэта Сэдэрфельт прапанавала на зацьвярджэньне парадак дня, але Савіных выступіў з пратэстам. Ён заявіў, што Сьвятлана Ціханоўская нібыта ня мае права выступаць, бо «знаходзіцца ў міжнародным вышуку за спробу захопу ўлады».
Толькі Расея падтрымала гэты пратэст. Тады дэпутат Савіных з двума памочнікамі пакінуў залю, больш ніхто ня выйшаў.
А калі выступаў сам Савіных, як паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай, шэраг дэлегацый пакінулі залю.
Сьвятлана Ціханоўская бярэ ўдзел у сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, якая праходзіць 23–24 лютага ў Вене. Вынікам яе перамоваў з дэпутатамі парлямэнту Аўстрыі стала стварэньне там парлямэнцкай групы «За незалежную дэмакратычную Беларусь».
У парлямэнце Аўстрыі кіраўнікі асноўных аўстрыйскіх партый 24 лютага далі сумесную зь Ціханоўскай прэсавую канфэрэнцыю, на якой выказалі падтрымку беларускаму народу ў барацьбе за дэмакратыю і незалежнасьць, паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных выступіў 23 лютага з прарасейскай прамовай на Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Вене. Падчас гэтага выступу ўкраінскія дэпутаты разгарнулі за ім нацыянальны сьцяг.
Савіных, які ў Палаце прадстаўнікоў узначальвае Пастаянную камісію па міжнародных справах, назваў вайну ва Ўкраіне, на ўзор расейскай прапаганды, «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй».