Афіцыйную дэлегацыю запрасілі ў сталіцу Аўстрыі паралельна з дэлегацыяй дэмакратычных сілаў, якія прадстаўляе Сьвятлана Ціханоўская.
«Сэнатар» Рачкоў у сваім выступе зьвярнуў увагу на «нэгатыўны ўплыў санкцыйнай эканамічнай палітыкі на сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё і бясьпеку сувэрэнных дзяржаў, рэалізацыю міжнароднага кліматычнага парадку дня і дасягненьне мэтаў устойлівага разьвіцьця».
«Як паказвае практыка, ад санкцыйнай палітыкі нясуць страты ня толькі тыя краіны, супраць якіх яна ажыцьцяўляецца, але і дзяржавы, якія ўводзяць санкцыі», — заявіў прадстаўнік афіцыйнай дэлегацыі Беларусі ў Вене.
Вынікам такой палітыкі ён назваў сусьветны эканамічны крызіс, пагрозу харчовай бясьпецы многіх краін сьвету. Ён заклікаў задумацца над «контрапрадуктыўнасьцю санкцыйнай палітыкі».
Летась Сяргей Рачкоў выступіў з адваротнай заявай. Падчас візыту ў траўні ў Барысаў ён заявіў, што, «нягледзячы на беспрэцэдэнтны санкцыйны націск калектыўнага Захаду, наша краіна ўпэўнена і пасьпяхова спраўляецца з уплывам такіх абмежаваньняў».
«У той жа час дзеяньні недружалюбных краін адкрылі для нас новыя магчымасьці па пашырэньні вытворчасьці якаснай айчыннай прадукцыі і паставак яе на новыя рынкі збыту», — падкрэсьліў тады Рачкоў.
Раней, у 2021 годзе, Рачкоў казаў, што санкцыйны ціск Захаду на Беларусь і Расею беспэрспэктыўны.
У Вене на сэсію Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ прыбылі дзьве беларускія дэлегацыі. Праўладную ўзначальвае Андрэй Савіных. На чале дэлегацыі дэмакратычнай Беларусі — Сьвятлана Ціханоўская.